Пантыфік падзякаваў медыкам Аргентыны за барацьбу з пандэміяй
“Дзякую за блізкасць, дзякую за ласкавасць, дзякую за прафесіяналізм у клопаце пра хворых”, - сказаў Пантыфік у відэапасланні, падрыхтаваным Камісіяй па душпастырстве ў сферы аховы здароўя пры Канферэнцыі Біскупаў Аргентыны.
“Прагну быць побач з усімі ўрачамі і медыцынскімі работнікамі, асабліва ў гэты час, калі пандэмія кліча нас быць побач з людзьмі, якія пакутуюць. Малюся за вас, усім сэрцам просячы Пана аб благаслаўленні для вас і вашых сем’яў, а таксама аб тым, каб Бог суправаджаў вас у працы і праблемах, якія можаце сустрэць. Няхай Пан будзе побач з вамі, так жа, як і вы блізкія да хворых”, - пажадаў медыкам Францішак.
Папскі відэазварот прымеркаваны да двух падзей: Дня санітарнага работніка і Дня медыцынскага работніка, якія адзначаюцца ў Аргентыне адпаведна 21 лістапада і 3 снежня.