Францішак заклікае да малітвы і спынення насілля ў Эфіопіі
“Cвяты Айцец сочыць за навінамі, якія паступаюць з Эфіопіі, дзе ўжо некалькі тыдняў трывае ваеннае сутыкненне, што ахапіла рэгіён Тыграй і сумежныя тэрыторыі. Насілле прывяло да гібелі сотняў мірных жыхароў, а дзясяткі тысяч людзей былі вымушаны ўцякаць са сваіх дамоў у кірунку Судану”, - заўважыў Матэа Бруні.
Прадстаўнік Святога Пасаду, нагадаў, што падчас малітвы “Анёл Панскі” 8 лістапада 2020 г., Францішак ужо заклікаў адкінуць спакусу ўзброенага сутыкнення ў гэтай краіне, а таксама заахвочваў усіх да малітвы і братэрскай павагі, дыялогу і мірнага пераадолення непаразуменняў.
Сутыкненні ў Эфіопіі, якія сталі больш інтэнсіўнымі ў апошнія дні, правакуюць сур’ёзную гуманітарную сітуацыю. “Святы Айцец, запрашаючы да малітвы за гэту краіну, скіроўвае да бакоў канфлікту заклік аб спыненні насілля, захаванні жыцця людзей, асабліва грамадзянскага насельніцтва, каб людзі маглі зноў жыць у міры”, - заўважыў кіраўнік Залы Друку.
Узброены канфлікт паміж федэральнымі ўладамі Эфіопіі і сіламі рэгіёну Тыграй пачаўся 4 лістапада. Папа скіраваў свой заклік у крытычны момант супрацьстаяння, калі прэм’ер-міністр краіны заявіў, што магчымасці для дыялогу з прадстаўнікамі аўтаномнай тэрыторыі былі вычарпаны.
Паводле дадзеных ААН, на працягу трох тыдняў узброеных сутыкненняў каля 40 тыс. жыхароў Эфіопіі ўцяклі ў Судан, які не мае належных рэсурсаў для прыняцця такой вялікай колькасці бежанцаў.