Пошук

Пантыфік: памятаць пра сведчанне памерлых кардыналаў і біскупаў

Верыць ва ўваскрасенне і тое, што смерць – гэта не апошні пункт нашага існавання, - заклікаў Папа падчас малітвы за памерлых у гэтым годзе кардыналаў і біскупаў.

Літургія прайшла 5 лістапада 2020 г. у базыліцы св. Пятра ў Ватыкане. У гаміліі Францішак падкрэсліў, што хрысціяне “пакліканы верыць ва ўваскрасенне не як у пэўнага роду міраж на гарызонце, але як у падзею, што ўжо адбылася і сёння ахоплівае нас таямнічым чынам”.

Езус заклікае нас змяніць перспектыву і глядзець на ўсё ў святле ўваскрасення. “Вока веры, пранізваючы бачнае, пэўным чынам бачыць нябачнае. Кожная падзея тады ацэньваецца ў святле іншага вымярэння, вымярэння вечнасці”, - заўважыў Святы Айцец.

Ён заклікаў маліцца за кардыналаў і біскупаў, якія памерлі сёлета, просячы Пана, прагнаць смутак, які часам пранікае ад думкі, што нібыта са смерцю заканчваецца ўсё.

“Гаворка ідзе пра далёкае ад веры пачуццё, якое звязана з чалавечым страхам перад непазбежнасцю смерці, абароненым ад якой ніхто не можа сябе адчуваць. Таму таксама перад абліччам таямніцы смерці вернік павінен пастаянна навяртацца. Мы пакліканы штодзённа выходзіць за рамкі ўяўлення пра поўнае знішчэнне асобы, якое ў нас інстынктыўна існуе ў сувязі са смерцю; мы пакліканы пранікнуць праз тое, што бачнае, праз кадыфікаваныя і відавочныя думкі, агульнапрынятыя меркаванні, каб цалкам даверыцца Пану, Які кажа: “Я – уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі” (Ян 11,25-26)”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што гэтыя словы, прынятыя з верай, робяць малітву за памерлых сапраўды хрысціянскай. “Яны дазваляюць мець па-сапраўднаму рэалістычнае бачанне іх жыцця: разумець сэнс і каштоўнасць дабра, якое яны рабілі, іх моц, намаганні і любоў, якую бескарысліва дарылі; разумець, што значыць жыць з прагненнем не зямной айчыны, але лепшай, нябеснай”, - сказаў Пантыфік.

Малітва аб вечным супакоі для памерлых, узнесеная з верай у тое, што яны жывуць побач з Богам, прыносіць карысць таксама і нам, пілігрымам на зямлі. “Яна вучыць нас сапраўднаму бачанню жыцця; адкрывае нам сэнс турбот, праз якія абавязкова неабходна прайсці, каб трапіць у Божае Валадарства; адкрывае нас на сапраўдную свабоду, робячы гатовымі пастаянна шукаць вечных дабротаў”, - падкрэсліў Францішак.

Святы Айцец зазначыў, што сапраўдны слуга Евангелля заўсёды жыве з жаданнем ва ўсім падабацца Пану: гэта крытэрый кожнага яго рашэння, кожнага кроку, які хоча зрабіць.

“Таму будзем з удзячнасцю памятаць пра сведчанне памерлых кардыналаў і біскупаў, якія жылі ў вернасці волі Бога; будзем маліцца за іх, імкнучыся наследаваць іх прыклад. Пан заўсёды спасылае на нас свайго Духа мудрасці, асабліва падчас выпрабаванняў. Асабліва ў тыя гадзіны, калі шлях становіцца яшчэ складаней, Ён не пакідае нас, а застаецца з намі, верны свайму абяцанню: “Вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку” (Мц 28,20), - нагадаў евангельскія словы на заканчэнне гаміліі Папа.
 

05 лістапада 2020, 13:55