Пантыфік: пандэмія адкрыла ўсё лепшае і горшае ў народах
Пантыфік пажадаў, каб праз досвед братэрства і сацыяльнага сяброўства гэта ініцыятыва магла даць імпульс новым працэсам, закліканым гарантаваць годнае жыццё народам кантынента, асабліва самым бедным і кінутым на задворкі.
“Пандэмія паказала ўсё самае лепшае і самае горшае ў нашых народах і асобных людзях. Цяпер як ніколі патрэбна ўсвядоміць нашу агульную прыналежнасць”, - сказаў Францішак.
Святы Айцец лічыць, што трэба пачынаць клопат з тых, хто знаходзіцца побач, бо “шлях салідарнасці, як і справядлівасці – гэта лепшы выраз любові і блізкасці”. “З гэтага крызісу мы можам выйсці лепшымі, як засведчылі нашы шматлікія браты і сёстры праз штодзённы дар свайго жыцця і ініцыятывы Божага Народу”, - дадаў ён.
Папа заклікаў палітычных дзеячаў “рэабілітаваць палітыку”, якая з’яўляецца “найвышэйшым пакліканнем, адной з самых каштоўных форм міласэрнай любові, паколькі звязана з пошукам агульнага дабра”.
“Прызнанне таго, што кожны чалавек – наш брат ці сястра, і пошук форм сацыяльнага сяброўства, якія ўключалі б усіх, не з’яўляюцца чыстай утопіяй. (...) Любая дзейнасць у гэтым духу становіцца высакародным здзяйсненнем любові”, - адзначыў Папа.
Удзел у сацыяльных працэсах братэрства і справядлівасці, адрасатамі якіх становяцца ўсе, на думку Францішка, з’яўляецца выразам “палітычнай любові”. “Гаворка ідзе пра рух да сацыяльнага і палітычнага ладу, душой якога з’яўляецца сацыяльная любоў”, - нагадаў ён словы энцыклікі Fratelli tutti.
Святы Айцец заклікаў вучыцца “мастацтву сустрэчы” і не выкарыстоўваць пандэмію ў якасці электаральнага ці грамадскага інструмента. Глыбіня крызісу, падкрэсліў ён, патрабуе прапарцыянальна высокага ўзроўню палітычнага класу, які будзе служыць агульнаму дабру, а не прыватным інтарэсам.