Пошук

Папа Францішак і Джо Байдэн. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак і Джо Байдэн. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік правёў размову з Джо Байдэнам

12 лістапада 2020 г. адбылася тэлефонная размова паміж папам Францішкам і Джо Байдэнам, - пацвердзіў інфармацыю, распаўсюджаную амерыканскімі СМІ, кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні.

Выданне USA Today паведаміла, што Байдэн падзякаваў Папу за віншаванні і благаслаўленне. Палітык запэўніў Францішка ў жаданні супрацоўнічаць, “на падставе супольнай веры ў годнасць і роўнасць усяго чалавецтва, у такіх пытаннях як кліматычныя змены, прыняцце мігрантаў і бежанцаў у Злучаных Штатах, увага да маргіналізаваных і бедных людзей”.

Джо Байдэн мае ірландскія карані, вучыўся ў каталіцкай школе, неаднаразова прызнаваўся ў сваёй веры, рэгулярна ўдзельнічае ў св. Імшы ў невялікім касцёле ў сваім родным горадзе Уілмінгтон, у штаце Дэлавэр. Ён стане другім у гісторыі ЗША католікам на прэзідэнцкай пасадзе пасля Джона Кэнэдзі.

Віншаванні з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах Джо Байдэну скіраваў таксама амерыканскі епіскапат. Яго старшыня, арцыбіскуп Хасэ Гомэс заклікаў усіх лідараў краіны з’яднацца ў духу нацыянальнага адзінства, прымаючы на сябе абавязак дыялогу і кампрамісу дзеля супольнага дабра.

“Дэмакратыя патрабуе ад нас усіх, каб мы паступалі як людзі справядлівыя і самадысцыплінаваныя. Яна патрабуе ад нас паважаць свабоду выказвання меркавання і адносіцца адзін да аднаго з любоўю і ветлівасцю, нават калі мы ў корані не згаджаемся ў нашых дэбатах адносна закону і грамадскага парадку”, - заўважыў амерыканскі іерарх.
 

13 лістапада 2020, 10:14