Францішак: клопат пра бедных нясе святло і надзею
Святы Айцец напісаў ліст італьянскаму святару, кс. Паскуаліна Дзі Дзіа, заснавальніку дабрачыннага цэнтра “Маленькі дом міласэрнасці” (Piccola Casa della Misericordia), які з 2013 г. дзейнічае ў сіцылійскім горадзе Джэла.
Пры структуры працуе сталоўка для бедных, медыцынскі цэнтр, сямейная кансультацыя, начлежка, гандлёвая лаўка, рамесныя майстэрні, дзе можна навучыцца шыць, рабіць вырабы з дрэва і керамікі.
Валанцёры цэнтра аказваюць псіхалагічную і духоўную дапамогу, падтрымліваюць бедных прадуктамі харчавання, займаюцца з дзецьмі, дапамагаючы падцягнуць паспяховасць у школе і зрабіць хатняе заданне. Дом міласэрнасці актыўна супрацоўнічае з мясцовым Caritas, гарадскімі ўладамі, парафіяймі і асацыяцыямі.
Святы Айцец падкрэсліў, што структура з’яўляецца “знакам увагі Касцёла да нястачаў і цяжкасцей свайго народа”, а таксама “вартым захаплення прыкладам евангельскай любові Касцёла, што выходзіць насустрач людзям”. Дзейнасць цэнтра з’яўляецца карыснай як для эклезіяльная супольнасці, так і для грамадзянскай, - дадаў Пантыфік.
Францішак запэўніў кіраўніцтва і супрацоўнікаў дабрачыннай структуры ў сваёй малітве, а таксама заклікаў іх быць пастаяннымі ў “сведчанні ласкавасці і міласэрнасці Нябеснага Айца, дзелячыся з самымі слабымі і няшчаснымі і дорачы ім сваю салідарнасць”.