Папа на 500-годде першай св. Імшы ў Чылі: гістарычная падзея
“Духоўна яднаюся з вамі, дарагія пастыры і вернікі святога Божага народа, у вашай удзячнасці Пану, які не перастае станавіцца ў Найсвяцейшым Сакрамэнце “хлебам”, які ўтаймоўвае найглыбейшы голад кожнага чалавека, яднаючы ўсіх у сваёй любові, каб жылі салідарным і дзейсным братэрства”, - звярнуўся Пантыфік да чылійскіх вернікаў.
Святы Айцец нагадаў, што 11 лістапада 1552 г. менавіта на тэрыторыі дыяцэзіі Пунта-Арэнас, на пагорку Монтэ-Крус, капелан кругасветнай экспедыцыі Фернанда Магелана, кс. Пэдра дэ Вальдэрам, цэлебраваў першую св. Імшу на тэрыторыі сучаснай Чылі.
Пантыфік спаслаўся на словы канстытуцыі пра літургію Другога Ватыканскага Сабора “Sacrosantum Concilium” пра тое, што “з Эўхарыстыі, нібы з крыніцы, на нас сыходзіць ласка і з найвялікшай эфектыўнасцю праз яе адбываецца асвячэнне чалавека ў Хрысце і пакланенне Богу, якое ёсць мэтай усіх іншых спраў Касцёла.”
“У гэты юбілей можна справядліва сцвердзіць, як кажа дэвіз дыяцэзіі Пунта-Арэнас, што “Бог увайшоў праз поўдзень”. Ад першай св. Імшы, якая цэлебравалася з верай, у простых экспедыцыйных умовах на зямлі, якая тады яшчэ была невядомай, узяў пачатак Касцёл, які працягвае пілігрымаваць у гэтай умілаванай краіне”, - напісаў Францішак.
Папа заклікаў чылійскіх вернікаў “перажываць таямніцу эўхарыстычнай цэлебрацыі ў духу пашаны і падзякі Богу, бо яна з’яўляецца для нас крыніцай новага жыцця і адзінства, якая падштурхоўвае ўзрастаць у братэрскім служэнні самым бедным і непажаданым у нашым грамадстве”.