Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад будзе абавязкова ўхваляць новыя манаскія інстытуты

Сваім motu proprio Authenticum charismatis Папа ўнёс змены ў Кананічнае права і зрабіў абавязковым меркаванне Святога Пасаду аб прызнанні новых супольнасцей кансэкраванага жыцця ў дыяцэзіяльным кантэксце.

Кожная харызма, нават калі яна нарадзілася ў тэрытарыяльным кантэксце, мае па сваёй прыродзе ўніверсальны характар, і таму, як сцвярджае Францішак у Лісце да кансэкраваных асоб з 2014 г., кожны досвед кансэкраванага жыцця з’яўляецца не адасобленай або маргінальнай рэчаіснасцю, але знаходзіцца ў самым цэнтры Касцёла як вырашальны элемент яго місіі. Менавіта гэтая думка ляжыць у падставе рашэння Пантыфіка аб унясенні змен у 579 параграф Кодэкса кананічнага права.

Пакідаючы за дыяцэзіяльным біскупам права да заснавання інстытутаў кансэкраванага жыцця на яго ўласнай тэрыторыі, новая норма цяпер патрабуе, каб выбар біскупа быў зроблены “з улікам пісьмовага дазволу Апостальскай Сталіцы”. Раней патрабавалася толькі “правядзенне кансультацый”.

“Яркім знакам сапраўднасці харызмы з’яўляецца яе эклезіяльнасць, здольнасць гарманічна ўключыцца ў жыццё Святога Народу Божага на карысць усіх”, - напісаў у абнародаваным 4 лістапада 2020 г. motu proprio Францішак. “Распазнаванне эклезіяльнасці і надзейнасці харызмы – гэта касцёльная адказнасць пастыраў асобных Касцёлаў”, - дадаў ён.

У той жа час Папа падкрэсліў, спасылаючыся на саборны дэкрэт Perfectae caritatis, што неабходна пазбягаць неабгрунтаванага ўзнікнення манаскіх інстытутаў.

Святы Айцец патлумачыў, прыводзячы думку Апостальскай адгартацыі Vita consecrata, што жыццёвыя сілы новых інстытутаў і таварыстваў павінны быць разгледжаны аўтарытэтам Касцёла, які адказвае за адпаведную экспертызу як для праверкі сапраўднасці натхняльнай мэты, так і для пазбягання празмернага памнажэння такога роду аб’яднанняў з наступнай рызыкай шкоднай раздробленасці.

Пантыфік нагадаў, што Апостальская Сталіца нясе адказнасць за суправаджэнне пастыраў у працэсе распазнавання, які вядзе да касцёльнага прызнання новага Інстытута або новага Таварыства на дыяцэзіяльным узроўні. Менавіта таму новыя манаскія інстытуты “павінны быць афіцыйна прызнаны Апостальскай Сталіцай, адзінай, якая прымае апошняе рашэнне”.
 

04 лістапада 2020, 13:08