Біскупы ЕС пра важнасць свабоды рэлігіі падчас пандэміі
“Свабода культу належыць да фундаментальных правоў чалавека і з’яўляецца выразам рэлігійнай свабоды”, - падкрэсліў Генеральны сакратар Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (СOMECE) мансеньёр Мануэль Барыёс Прыета.
У інтэрв’ю Vatican News святар звярнуў увагу на важнасць мер санітарнай бяспекі, але таксама нагадаў, што для многіх людзей у крытычныя моманты, такія як хвароба, самотнасць, пагроза смерці, практыкаванне веры мае фундаментальнае значэнне, бо надае сэнс усім гэтым выпрабаваннямі.
На апошнім у гэтым годзе пасяджэнні аб’яднання каталіцкіх біскупаў ЕС была абмеркавана стратэгія Еўрапейскай камісіі па барацьбе з каронавірусам у зімовы перыяд, прадстаўленая 2 снежня 2020 г.
Удзельнікі нарады высока ацанілі намаганні на карысць скаардынаванага і ўраўнаважанага падыходу Еўрапейскага саюза да пандэміі, але таксама заклікалі ў большай ступені прыцягваць рэлігійныя ўлады да разгляду рэкамендацый у пытаннях, якія закранаюць сферу веравызнання.
“У гэтых рэкамендацыях ёсць важны аспект, які тычыцца правядзення літургічных цэлебрацый. Мы чакаем, што парады адносна набажэнстваў, стануць прадметам дыялогу з Касцёлам. Для нас гэта вельмі важна і мы выразна кажам пра гэта”, - сказаў мансеньёр Прыета.
Прадстаўнік COMECE выказаў пажаданне на тое, што распаўсюджванне каронавіруснай інфекцыі ў зімовы перыяд атрымаецца стрымаць і назваў рэкамендацыі Еўрапейскай камісіі ў цэлым добрымі і прадыктаванымі здаровым розумам.