Блізкасць Папы да сем’яў, якія згубілі блізкіх падчас пандэміі
“Мае думкі скіроўваюцца, у прыватнасці да сем’яў, якія ў гэтыя месяцы згубілі сваіх блізкіх ці прайшлі праз выпрабаванні, звязаныя з пандэміяй. Я думаю таксама пра ўрачоў, санітарных работнікаў і ўвесь медыцынскі персанал, вялікія высілкі якіх на перадавой барацьбы з распаўсюджваннем віруса, значна паўплывалі на іх сямейнае жыццё”, - сказаў Папа пасля малітвы “Анёл Панскі”, якая 27 снежня 2020 г. трансліравалася з Ватыкана.
Пантыфік падкрэсліў, што сёння асаблівым чынам давярае Пану кожную сям’ю, у першую чаргу тыя, якія прайшлі праз выпрабаванні цяжкасцямі, непаразуменнямі і падзеламі. “Няхай Пан, які нарадзіўся ў Бэтлееме, адорыць усіх супакоем і сілай, каб крочыць у еднасці па шляху дабра”, - дадаў Святы Айцец.