Экуменічныя віншаванні для лідараў Паўднёвага Судана
“У гэта Божае нараджэнне мы ўзгадваем, што наш Пан Езус Хрыстус прыйшоў на свет як апошні – у пыльнай стаенцы паміж жывёл. Пазней, Ён заклікаў тых, што хоча быць найбольшым у Яго валадарстве, станавіцца слугой усіх”, - напісалі прадстаяцелі трох Цэркваў.
Рэлігійныя лідары нагадалі пра абавязацельствы, узятыя падчас сустрэчы, якая адбылася ў красавіку 2019 г. у Ватыкане: палітыкі абяцалі імкнуцца да гарманічнай рэалізацыі мірнай дамовы, а прадстаяцелі Цэркваў – наведаць Паўднёвы Судан як толькі сітуацыя ў гэтай краіне нармалізуецца.
“Мы вельмі рады бачыць невялікія дасягненні, якія вы зрабілі, але ведаем, што іх недастаткова, каб ваш народ мог па-сапраўднаму адчуць плёны міру”, - гаворыцца ў пасланні.
Папа Францішак, Архіепіскап Джасцін Уэлбі і вялебны Марцін Фэер, выказалі спадзяванне на тое, што падчас свайго будучага візіту ў Паўднёвы Судан змогуць убачыць краіну, якая змянілася і лідары якой “трымаюцца на рукі, з’яднаныя… як простыя грамадзяне”.
“Сёлета, на Божае Нараджэнне, мы молімся, каб вы маглі адчуць большы давер адзін да аднаго і з большай шчодрасцю служылі вашаму народу. Молімся, каб вы адчулі ў вашых сэрцах і сэрцах вашага вялікага народу той мір, які пераўзыходзіць усялякі розум”, - напісалі прадстаяцелі Цэркваў.
Пасланне на Божае Нараджэнне стала чарговым пацвярджэннем падтрымкі мірнага працэсу ў Паўднёвым Судане з боку Наступніка св. Пятра, прымаса Англіканскай Царквы і мадэратара Царквы Шатландыі. У краіне, якая стала незалежнай толькі ў 2011 г., цягам пяці гадоў ішла грамадзянская вайна, якая ўнесла жыцці больш за 400 тыс. чалавек. У 2019 г. Папа запрасіў палітычных лідадаў Паўднёвага Судана на духоўныя практыкаванні ў Ватыкан, а таксама прыняў рашэнне наведаць гэту краіну разам з англіканскім і шатландскім прэсвітарыянскім лідарамі.