Францішак адзначае 84-ы Дзень нараджэння
Папа заўсёды адзначае свой Дзень нараджэння сціпла і, як сам прызнаўся аднойчы, яго думкі 17 снежня “ляцяць” да самых блізкіх з яго сям’і, памерлых і жывых.
У Ватыкане не запланавана адмысловых падзей. Святы Айцец праводзіць рабочыя сустрэчы. Тым не менш, ён атрымлівае мноства віншаванняў, якія прыбываюць з розных частак свету: ад кіраўнікоў краін і ўрадаў, рэлігійных лідараў, прадстаўнікоў свету навукі, мастацтва і, вядома, тысяч звычайных людзей.
У гэтым годзе Дзень нараджэння Францішка праходзіць ва ўмовах пандэміі каронавіруса, таму ў віншаваннях нярэдка гучаць словы падзякі за яго бацькоўскую блізкасць і салідарнасць у гэты нялёгкі для ўсёй планеты час.
“Людзі розных веравызнанняў – і нават няверуючыя – у хвіліны выпрабаванняў і самотнасці адчувалі падтрымку і падбадзёрванне з боку Папы. У прыватнасці, католікі знайшлі суцяшэнне і надзею ў цвёрдай упэўненасці ў Вашай шчодрай малітве”, - падкрэсліў у спецыяльным лісце Прэзідэнт Італіі Серджа Матарэла.
Сёлета Францішак адзначае Дзень нараджэння на Пасадзе св. Пятра ў восьмы раз.