Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: надзея свету – у Божым благаслаўленні

Няма такога граху, які мог бы цалкам змыць вобраз Хрыста, прысутны ў кожным з нас, - падкрэсліў Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 2 снежня 2020 г. у форме відэатрансляцыі з Ватыкана.

Святы Айцец прысвяціў сваю катэхезу такому важнаму вымярэнню малітвы, як благаслаўленне. Ён заўважыў, што ў біблійным апавяданні пра стварэнне сусвету Бог няспынна благаслаўляў тое, што стварае: жывёл, чалавека і нават дзень адпачынку.

“Бог благаслаўляе, але таксама людзі благаслаўляюць, і хутка мы заўважаем, што благаслаўленне мае асаблівую сілу, якая суправаджае на працягу ўсяго жыцця таго, хто яго атрымлівае, і адкрывае сэрца чалавека на тое, каб Бог перамяніў яго”, - падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што Бог пакінуў на кожным стварэнні пячатку дабрыні і прыгажосці, аднак, з цягам часу чалавек стаў сапсутым, здольным распаўсюджваць зло і смерць у свеце.

“Але нішто і ніколі не зможа знішчыць першай пячаткі Бога, пячаткі дабрыні, якую Ён наклаў на свет, на чалавечую прыроду, на ўсіх нас: здольнасці благаслаўляць і таго факту, што мы благаслаўлёныя. Бог не памыліўся са стварэннем і нават са стварэннем чалавека. Надзея свету цалкам заключана ў Божым благаслаўленні: Ён працягвае любіць нас, Ён першы, як казаў паэт Пегі, працягвае спадзявацца на наша дабро”, - сцвердзіў Францішак.

Паводле Папы, вялікім благаслаўленнем і дарам Бога для ўсяго чалавецтва стаў Езус Хрыстус. Ён – вечнае слова, якім Айцец благаславіў нас ужо тады, “калі мы былі яшчэ грэшнікамі” (Рым 5,8): Ён – Слова, якое стала целам, і было ахвяравана за нас на крыжы.

Пантыфік нагадаў словы апостала Паўла, які з узрушэннем абвяшчаў задуму Божай любові: “Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, які благаславіў нас у Хрысце ўсялякім духоўным благаслаўленнем на нябёсах і выбраў нас у Ім перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові. Ён прадвызначыў нас для ўсынаўлення праз Езуса Хрыста, паводле ўпадабання сваёй волі, дзеля хвалы сваёй праслаўленай ласкі, якою Ён адарыў нас ва Умілаваным” (Эф 1, 3-6).

“Няма такога граху, які мог бы цалкам змыць вобраз Хрыста, прысутны ў кожным з нас. (…) Грэх можа сказіць гэты вобраз, але не можа пазбавіць нас Божай міласэрнасці. Грэшнік можа трываць у сваіх памылках вельмі доўга, але Бог церпіць да канца, спадзеючыся, што напрыканцы гэта сэрца адкрыецца і зменіцца. Бог, як добры бацька і добрая маці: яны ніколі не перастаюць любіць сваё дзіця, колькі б яно не памылялася...”, - сказаў Папа.

Паводле Францішка, моцным досведам можа стаць чытанне біблійных тэкстаў аб благаслаўленні ў турме ці ў месцы, дзе людзі праходзяць рэабілітацыю. Вельмі важна “данесці да гэтых людзей думку, што яны застаюцца благаслаўлёнымі, нягледзячы на цяжкія памылкі, што Нябесны Айцец працягвае любіць іх і спадзявацца на тое, што яны, нарэшце, адкрыюцца на дабро”. Нават калі самыя блізкія іх пакідаюць, лічачы немагчымым іх выпраўленне, для Бога яны заўсёды застаюцца дзецьмі.

“Часам можна ўбачыць цуды: людзей, якія нараджаюцца нанова, таму што яны знаходзяць благаслаўленне, якім былі намашчаны як Божыя дзеці; таму што Божая ласка змяняе жыццё: заўсёды бярэ нас такімі, якія мы ёсць, але ніколі не пакідае нас такімі самымі”, - заўважыў Пантыфік.

Францішак нагадаў, што ў адрынутых і адчужаных людзях Езус заўсёды бачыў нязмыўнае благаслаўленне Айца, “больш за тое, Ён сам атаясамліваў сябе з кожным чалавекам у нястачы”.

“Богу, Які благаслаўляе, давайце таксама і мы адкажам благаслаўленнем. Бог навучыў нас благаслаўляць, і мы павінны рабіць гэта. Гаворка ідзе пра малітву праслаўлення, адарацыі, падзякі. (…) Малітва – гэта радасць і ўдзячнасць. Бог чакае нашага пакаяння не для таго, каб пачаць любіць нас; Ён робіць гэта нашмат раней, калі яшчэ прабываем у граху”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што наш свет мае патрэбу ў благаслаўленні і добрым слове, а не праклёнах і войнах.
 

02 снежня 2020, 12:10