Францішак ахвяраваў тэсты на каронавірус для бяздомных Рыма
З нагоды Божага Нараджэння Папа ахвяраваў двум медыцынскім установам у Рыме 4 тыс. тэстаў на каронавірус. Яны будуць прызначаны для дыягностыкі інфекцыі ў бяздомных.
Пантыфік атрымаў вялікую партыю тэстаў у дар ад Прэзідэнта Славакіі Зузаны Чапутавай, якую прымаў на прыватнай аўдыенцыі 14 снежня 2020 г. у Ватыкане.
Апостальская элемазінарыя размеркавала тэсты паміж двума медыцынскімі структурамі Вечнага горада: “Istituto di Medicina Solidale” і “IFO San Gallicano”. Дыягностыка сярод бяздомных будзе праводзіцца дзякуючы спецыяльнаму пагадненню з рымскай муніцыпальнай адміністрацыяй.
У перыяд пандэміі Францішак неаднаразова звяртаў увагу на сітуацыю найбольш уразлівых катэгорый людзей. Папа заклікаў станавіцца больш адкрытымі, салідарнымі і шчодрымі ў адносінах да самых слабых, хворых і безабаронных.
26 снежня 2020, 11:49