Пантыфік: сведкі веры нясуць у свет Божае святло
Прапануем вашай увазе поўны тэкст разважання Святога Айца:
“Учора Евангелле казала пра Езуса, “праўдзівае святло”, якое прыйшло ў свет, святло, якое “свеціць у цемры”, і якое “цемра не агарнула” (Ян 1,9.5). Сёння ж мы бачым сведку Езуса, св. Стэфан, які ззяе ў цемры. Сведкі ззяюць святлом Езуса, не маюць уласнага святла. Таксама і Касцёл не мае яго, таму старажытныя айцы называлі яго “таямніцай Месяца”. На падабенства Месяца сведкі здольныя прымаць святло Езуса і адлюстроўваць яго. Стэфан быў ілжыва абвінавачаны і брутальна ўкаменаваны, але зрабіў так, каб пасярод змроку нянавісці, якая праявілася ў каменаванні, заззяла святло Езуса: ён маліўся за сваіх забойцаў і прабачыў іх.
Як жа становяцца сведкамі? – Наследуючы Езуса. Прымаючы святло Езуса. Гэта шлях для кожнага хрысціяніна: наследаваць Езуса, прымаць Яго святло. Св. Стэфан дае нам прыклад: Езус прыйшоў, каб служыць, а не каб Яму служылі (пар. Мк 10,45), і ён таксама жыў дзеля служэння. Стэфан быў выбраны дыяканам, гэта значыць служыцелем, і дапамагаў бедным пры сталах (пар. Дз 6,2). Ён імкнуўся наследаваць Пана штодзённа і да канца: ён быў схоплены, асуджаны і забіты за горадам як Езус і як Езус маліўся і прабачаў. Падчас укаменавання ён прамовіў: “Пане, не лічы ім граху гэтага” (Дз 7,60). Стэфан – сведка, бо наследаваў Езуса.
Можа, аднак, узнікнуць пытанне: ці сапраўды існуе патрэба ў такіх сведчаннях дабрыні, калі ў свеце пашыраецца злосць? Навошта трэба маліцца і прабачаць? Толькі для таго, каб даць добры прыклад? – Не, тут ёсць нешта нашмат большае. Мы можам убачыць гэта дзякуючы адной дэталі. Сярод тых, за каго Стэфан маліўся і каго прабачыў, кажа тэкст, быў “юнак, якога звалі Саўл” (Дз 7,58), які “быў згодны з ягоным забойствам” (Дз 8,1). Крыху пазней, дзякуючы Божай ласцы, Саўл пакаяўся, прыняў святло Езуса, навярнуўся і стаў Паўлам, самым вялікім місіянерам у гісторыі. Павел нарадзіўся з Божай ласкі, але дзякуючы прабачэнню Стэфана, праз сведчанне Стэфана. Вось зерне навяртання.
Быць сведкамі Езуса важна таксама і для нас. Пан хоча, каб мы зрабілі наша жыццё надзвычайным праз звычайныя штодзённыя ўчынкі – у нашым асяроддзі, сям’і, на працы, мы паўсюль пакліканы быць сведкамі Езуса, нават проста дорачы святло ўсмешкі і пазбягаючы цемры пляткарства і паклёпаў. І яшчэ – калі бачым, што нешта ідзе не так, замест таго, каб крытыкаваць, зласловіць і наракаць, будзем маліцца за таго, хто памыліўся, і аб вырашэнні гэтай складанай сітуацыі. Калі дома ўзнікае спрэчка, замест таго, каб імкнуцца пераважаць, паспрабуем разрадзіць абстаноўку; і будзем аднаўляць адносіны кожны раз, прабачаючы таго, хто нас пакрыўдзіў. Гэта малыя ўчынкі, але яны змяняюць гісторыю, бо расчыняюць дзверы, расчыняюць вакно да святло Езуса.
Памолімся сёння за ўсіх, хто пакутуе ад пераследу за імя Езуса. На жаль, такіх людзей вельмі шмат. Сёння іх больш чым у першыя часы Касцёла. Даверым Багародзіцы гэтых нашых братоў і сясцёр, якія адказваюць на прыгнёт лагоднасцю і як сапраўдныя сведкі Езуса, перамагаюць зло дабром”, - закончыў сваё разважанне Францішак.