Пошук

Францішак падчас агульнай аўдыенцыі Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 

Папа: Божае Нараджэнне – вечны агонь, запалены Богам у свеце

У той час як пандэмія вымусіла нас трымацца на адлегласці, Езус у яслях паказвае шлях пяшчоты, каб заставацца блізкімі адно для аднаго, - заўважыў Папа 23 снежня 2020 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане.

У катэхезе перад Божым Нараджэннем Францішак падзяліўся думкамі адносна падрыхтоўкі да ўрачыстасці, падчас якой свет пачуе Добрую Вестку: “Нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан. І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях” (Лк 2, 11-12). 

“Важна стрымліваць пэўны свецкі склад думак, няздольны спасцігнуць гарачую сутнасць нашай веры”

“Хрысціянін, аднак, ведае, што Божае Нараджэнне – вырашальная падзея, вечны агонь, запалены Богам у свеце, які немагчыма пераблытаць з мімалётнымі рэчамі. Важна, каб яно не зводзілася ўсяго толькі да свята сентыментальнага або спажывецкага, багатага на падарункі і віншаванні, але беднага на хрысціянскую веру. Таму важна стрымліваць пэўны свецкі склад думак, няздольны спасцігнуць гарачую сутнасць нашай веры: “Слова сталася целам і пасялілася між намі, і ўбачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны, поўны ласкі і праўды” (Ян 1,14)”, - сказаў Святы Айцец.

Па словах Папы, Божае Нараджэнне запрашае паразважаць “над драматызмам гісторыі, у якой людзі, пазначаныя грахом, безупынна шукаюць праўды, міласэрнасці, адкуплення”, і адначасова “над дабрынёй Бога, Які выйшаў нам насустрач, каб паведаміць Праўду, якая збаўляе, і зрабіць нас удзельнікамі свайго сяброўства і жыцця”.

“Бог не зірнуў на нас звысоку, не прайшоў міма, не выказаў агіды з прычыны нашай убогасці, увасобіўся не ва ўяўным целе, але цалкам прыняў нашую прыроду і нашыя чалавечыя ўмовы”

Францішак перакананы, што “гэты дар ласкі мы атрымліваем праз шчырасць і чалавекалюбства Божага Нараджэння”; што гэтае свята “можа выдаліць з нашых сэрцаў і з нашага розуму песімізм, распаўсюджаны сёння па прычыне пандэміі”; што дзякуючы адноўленаму ўсведамленню праўды пра тое, што “пакорнае і беднае, утоенае і безабароннае Дзіцятка – гэта і ёсць сам Бог, Які стаўся чалавекам дзеля нас”, мы можам пераадолець пачуццё трывожнай разгубленасці, не дазволіць няўдачам і правалам перамагчы нас.

“Гэтая рэчаіснасць дорыць нам шмат радасці і мужнасці. Бог не зірнуў на нас звысоку, не прайшоў міма, не выказаў агіды з прычыны нашай убогасці, увасобіўся не ва ўяўным целе, але цалкам прыняў нашую прыроду і нашыя чалавечыя ўмовы. Не выракся нічога, апроч граху: у Ім – усё чалавецтва. Ён прыняў усё тое, чым мы з’яўляемся, такім, якім мы з’яўляемся. Гэта сутнасна важна, каб зразумець хрысціянскую веру”, - сцвердзіў Папа.

“Паразважаць крыху ў цішыні перад яслямі, стаць крыху дзецьмі, сузіраючы сцэну Божага Нараджэння”

Францішак спаслаўся на св. Аўгустына, які, узгадваючы свой шлях навяртання, пісаў, што “не меў такой пакоры”, каб спасцігнуць Бога, “не ведаў яшчэ ўрокаў Яго слабасці” (Споведзь VII,8).

“Слабасць Езуса – гэта ўрок! Бо ў ім выяўляецца Божая любоў. Божае Нараджэнне – свята Любові, уцелаўлёнай і народжанай дзеля нас у Езусе Хрысце. Ён – святло людзей, якое ззяе ў цемры і надае сэнс чалавечаму існаванню і ўсёй гісторыі”, - заключыў Святы Айцец.

Папа заахвоціў усіх вернікаў і людзей добрай волі “паразважаць крыху ў цішыні перад яслямі”, “стаць крыху дзецьмі, сузіраючы сцэну Божага Нараджэння”, каб адрадзіць “захапленне цудоўным спосабам, якім Бог пажадаў прыйсці ў свет”, аднаўляючы ў сэрцах пяшчоту. Па словах Францішка, “Божае Нараджэнне стала паўсюдным святам, і нават няверуючыя адчуваюць яго чароўнасць”.
 

23 снежня 2020, 10:43