Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец зноў выказаўся супраць смяротнага пакарання

Францішак зноў выказаўся супраць смяротнага пакарання. Нагодай стала ініцыятыва Супольнасці св. Эгідзія і іншых грамадскіх арганізацый “Гарады за жыццё” (Cities for Life).

“Памятайма, што нават забойца не губляе асабістай годнасці, і Бог сам становіцца яе гарантам. Цвёрдае непрыманне смяротнага пакарання дэманструе, наколькі магчыма прызнанне неад’емнай годнасці кожнага чалавека”, - напісаў Пантыфік 30 лістапада 2020 г. у сваім Twitter.

Мэтай – як сцвярджаюць арганізатары – найбуйнейшай у свеце мабілізацыі гарадоў і грамадзян супраць смяротнага пакарання з’яўляецца “гуманнасць і такая прававая сістэма, якая заўсёды будзе паважаць жыццё”. Колькасць краін, дзе гэта мера пакарання не ўжываецца законна або на практыцы, за апошнія гады вырасла да 142.

Гэта не першая такога роду дэкларацыя Францішка. У сваім відэа-звароце да ўдзельнікаў 7-га Сусветнага кангрэсу супраць смяротнага пакарання ён заўважыў, што калі гэта праўда, што грамадства сутыкаецца з вельмі сур’ёзнымі злачынствамі, якія пагражаюць агульнаму дабру і бяспецы асобных людзей, то гэтак жа дакладна, што сёння ёсць іншыя сродкі выкуплення віны, а турэмная сістэма ўсё больш і больш эфектыўная ў абароне грамадства ад зла, якое могуць прычыніць некаторыя.

“Ніхто не можа быць забіты і пазбаўлены магчымасці быць зноў прынятым супольнасцю, якой прычыніў крыўду і боль”, - заявіў Пантыфік. Ён нагадаў, што чалавек не губляе сваёй годнасці, нават калі здзейсніў самае сур’ёзнае злачынства.
 

01 снежня 2020, 12:15