Urbi et Orbi: у сваім Сыне Бог робіць усіх нас братамі
Прапануем вашай увазе поўны тэкст паслання Святога Айца:
“Дарагія браты і сёстры, шчаслівага Божага Нараджэння!
Хачу скіраваць да ўсіх пасланне, якое Касцёл абвяшчае ў гэту ўрачыстасць словамі прарока Ісаі: “Дзіця нарадзілася нам, Сын дадзены нам” (9,5).
Нарадзілася дзіця: нараджэнне – гэта заўсёды крыніца надзеі, гэта жыццё, якое расцвітае, гэта абяцанне будучыні. Гэта Дзіця, Езус, “нарадзілася нам”: гэта “нам” не мае межаў, прывілеяў і выключэнняў. Дзіця, якое Панна Марыя дала свету ў Бэтлееме, нарадзілася для ўсіх: гэта “сын”, якога Бог даў усёй чалавечай сям’і.
Дзякуючы гэтаму Дзіцятку, мы ўсе можам звяртацца да Бога, называючы Яго “Айцом”, “Татам”. Езус – Першародны. Ніхто не ведае Айца, так як Ён. Але Ён прыйшоў на свет менавіта для таго, каб паказаць нам аблічча Айца. Такім чынам, дзякуючы гэтаму Дзіцятку, мы ўсе можам называць сябе братамі і па-сапраўднаму быць імі: людзі з усіх кантынентаў, усіх моваў і культур, з нашай тоеснасцю і адметнасцямі, а тым не менш, усе браты і сёстры.
У гэты гістарычны момант, пазначаны экалагічным крызісам і сур’ёзнай эканамічнай і сацыяльнай нестабільнасцю, абцяжараны пандэміяй каронавіруса, мы як ніколі патрабуем братэрства. Бог дае яго нам, дорачы свайго Сына Езуса: не братэрства, што складаецца з прыгожых слоў, абстрактных ідэалаў, цьмяных пачуццяў… Не. Братэрства, заснаванае на сапраўднай любові, здольнай на сустрэчу з іншым чалавекам, які адрозніваецца ад мяне, здольнай спачуваць яго пакутам, набліжацца да яго і клапаціцца пра яго, нават калі ён не належыць да маёй сям’і, маёй этнічнай групы, маёй рэлігіі. Ён адрозніваецца ад мяне, але з’яўляецца маім брат, маёй сястрой. І гэта тычыцца таксама адносін паміж народамі і краінамі: усе браты.
Падчас Божага Нараджэння мы святкуем святло Хрыста, якое прыходзіць у свет і прыходзіць для ўсіх: не толькі для некаторых. Сёння, у гэты час цемры і няўпэўненасці па прычыне пандэміі, з’яўляюцца розныя промні надзеі, такія як адкрыццё вакцыны. Але, каб гэтыя промні маглі асвяціць і прынесці надзею ўсяму свету, яны павінны быць даступнымі для ўсіх. Мы не можам дазволіць, каб закрыты нацыяналізм перашкаджаў нам жыць як сапраўдная сям’я, якой з’яўляемся. Мы не можам дазволіць, каб вірус радыкальнага індывідуалізму перамог нас і зрабіў абыякавымі да пакут іншых братоў і сясцёр. Не магу ставіць сябе над іншымі, ставячы законы рынку і патэнты на вынаходніцтвы над законамі любові і здароўя чалавецтва. Прашу ўсіх: кіраўнікоў дзяржаў, прадпрыемствы, міжнародныя арганізацыі спрыяць супрацоўніцтву, а не канкурэнцыі, шукаць рашэння для ўсіх, вакцыну для ўсіх, асабліва для самых уразлівых і патрабуючых ва ўсіх рэгіёнах планеты. На першым месцы – найбольш уразлівыя і патрабуючыя.
Перад абліччам выкліку, які не ведае межаў, нельга ўзводзіць бар’еры. Мы ўсе знаходзімся ў адной лодцы. Кожны чалавек – мой брат. У кожным я бачу адлюстраванне аблічча Бога, а ў тых, хто пакутуе, заўважаю Пана, які просіць маёй дапамогі. Бачу Яго ў хворым, бедным, беспрацоўным, маргіналізаваным, мігранце і бежанцы: усе браты і сёстры!
У дзень, калі Божае Слова стала дзіцяткам, скіруем позірк на шматлікіх дзяцей, якія ва ўсім свеце, асабліва ў Сірыі, Іраку і Емене, яшчэ плацяць высокую цану вайны. Няхай іх абліччы скалыхнуць сумленні людзей добрай волі, каб узялі пад увагу прычыны канфліктаў і з адвагай прыкладалі намаганні на карысць пабудовы мірнай будучыні.
Няхай гэты час стане спрыяльным для спынення напружанасці на ўсім Блізкім Усходзе і ва ўсходнім Міжземнамор’і.
Няхай Дзіцятка Езус залечыць раны дарагога сірыйскага народу, які ўжо амаль дзесяцігоддзе пакутуе ад вайны і яе наступстваў, яшчэ больш абцяжараных пандэміяй. Няхай прынясе суцяшэнне іракскаму народу і ўсім, хто ўключаны ў працэс прымірэння, асабліва язідам, якія цяжка пацярпелі на працягу апошніх гадоў вайны. Няхай прынясе мір Лівіі і дазволіць новай фазе перамоў, якія трываюць, пакласці канец усялякім формам варожасці ў гэтай краіне.
Няхай зорка, якая асвяціла ноч Божага Нараджэння, вядзе і падбадзёрвае ліванскі народ, каб перад абліччам цяжкасцей, якія перажывае, з дапамогай міжнароднай супольнасці, не згубіў надзеі. Няхай Князь Супакою дапаможа кіраўніцтву краіны адкласці ў бок вузкія інтарэсы і з сур’ёзнасцю, сумленнасцю і празрыстасцю прыкладаць намаганні, каб Ліван мог прайсці шляхам рэформ і працягваць спаўняць сваё пакліканне да свабоды і мірнага суіснавання.
Няхай Боскае Дзіця суцешыць цярпенні жыхароў Буркіна Фасо, Малі і Нігера, пакутуючых ад цяжкога гуманітарнага крызісу, у аснове якога знаходзіцца экстрэмізм і ўзброеныя канфлікты, а таксама пандэмія і іншыя прыродныя катаклізмы; няхай дапаможа спыніць насілле ў Эфіопіі, дзе па прычыне сутыкненняў, шмат людзей вымушаны ўцякаць; няхай суцешыць жыхароў рэгіёну Кабу Дэлгаду на поўначы Мазамбіку, якія сталі ахвярамі насілля з боку міжнароднага тэрарызму; няхай падштурхне кіраўніцтва Паўднёвага Судану, Нігерыі і Камеруна працягваць шлях братэрства і дыялогу, які яны распачалі.
Няхай спрадвечнае Слова Айца будзе крыніцай надзеі для амерыканскага кантыненту, асаблівым чынам пацярпелага ад каронавіруса, што абвастрыў шматлікія пакуты, якія яго прыгнятаюць, часта абцяжараныя наступствамі карупцыі і гандлю наркотыкамі. Няхай дапаможа пераадолець апошнюю грамадскую напружанасць у Чылі і пакладзе канец цярпенням венесуэльскага народу.
Няхай Нябесны Валадар абароніць народы, спакутаваныя ад прыродных катаклізмаў на паўднёвым усходзе Азіі, асабліва на Філіпінах і ў В’етнаме, дзе шматлікія ўраганы, справакавалі паводкі з разбуральнымі наступствамі для сем’яў, што пражываюць на гэтых землях, прывялі да гібелі людзей, шкоды навакольнаму асяроддзю і наступстваў для мясцовай эканомікі.
Думаючы пра Азію, не магу забыць пра народ рахінджа: няхай Езус, які нарадзіўся бедным сярод бедных, прынясе надзею ў іх пакутах.
У гэты святочны дзень скіроўваю асаблівыя думкі да тых, хто не апускае рукі перад неспрыяльнымі абставінамі, а прыкладае намаганні, каб несці надзею, суцяшэнне і дапамогу, дапамагаючы тым, хто пакутуе і суправаджаючы самотных.
Езус нарадзіўся ў стаенцы, але быў атулены любоўю Панны Марыі і св. Юзафа. Божы Сын, уцелавіўшыся, асвяціў сямейную любоў. Мае думкі ў гэты момант скіроўваюцца да сем’яў: да тых, якія сёння не могуць уз’яднацца, а таксама да тых, якія вымушаны заставацца дома. Няхай Божае Нараджэнне стане для ўсіх нагодай, каб нанова ўбачыць сям’ю, як калыску жыцця і веры; як месца гасціннай любові, дыялогу, прабачэння, братэрскай салідарнасці і раздзеленай радасці, як крыніцу міру для ўсяго чалавецтва.
Шчаслівага Божага Нараджэння ўсім!”, - пажадаў на заканчэнне паслання Святы Айцец.