Францішак у Аб’яўленне Пана: зазірнуць за межы бачнага
У сваёй гаміліі Святы Айцец разважаў над евангельскім фрагментам, у якім мудрацы, дасягнуўшы Бэтлеема, пакланіліся Дзіцяці. Пакланяцца Пану нялёгка, адзначыў Папа: для гэтага патрабуецца не спантаннасць, а духоўная сталасць. Калі чалавек не пакланяецца Богу, ён пачне пакланяцца ідалам. У наш час хрысціяне павінны больш часу прысвячаць адарацыі і сузіранню Пана, і ў гэтым могуць дапамагчы літургічныя чытанні, а менавіта дзеясловы “ўзняць вочы”, “адправіцца ў шлях” і “ўбачыць”.
Першы выраз, адзначыў Пантыфік, нам прапануе прарок Ісая. Да супольнасці Ерузалема, якая нядаўна вярнулася з палону, прарок звяртаецца з моцным заклікам: “Узнімі вочы свае і паглядзі навокал” (Іс 60, 4). Гэта запрашэнне адкінуць стомленасць і скаргі, вызваліцца ад унутранай дыктатуры.
Каб пакланяцца Пану, трэба перш за ўсё звянуць на Яго свой позірк: не рабіць з праблем і цяжкасцей цэнтр жыцця, бо гэта спараджае ў нас страх, гнеў, смутак і дэпрэсію. І гаворка не пра адмаўленне рэальнасці, а пра неабходнасць смелага акту даверу да Бога, Які клапоціцца пра ўсіх. Хрыстус верны сваім абяцанням і ніколі нас не пакідае: Слова сталася целам, і яно знаходзіцца з намі заўсёды, кожнае імгненне. Калі мы ўздымаем позірк да Бога, жыццёвыя праблемы нікуды не знікаюць, але Ён дорыць нам сілы супрацьстаяць ім. Такім чынам, “ўзняць вочы” – гэта першы крок да ўдзячнага і радаснага праслаўлення Бога, - падкрэсліў Святы Айцец.
Другі ўрок, які можа нам дапамагчы, – гэта падарожжа. Перш чым пакланіцца Дзіцятку ў Бэтлееме, мудрацам прыйшлося прайсці доўгі і нялёгкі шлях. Падарожжа заўсёды пераўтварае, змяняе, узбагачае ведамі і духоўным досведам, умацоўвае волю ў пераадоленні нягод. Мы не можам праслаўляць Пана, не прайшоўшы спачатку праз унутранае сталенне, якому спрыяе падарожжа.
Чалавек у пяцьдзясят гадоў пакланяецца Богу інакш, чым у трыццаць, адзначыў Папа; прымаючы Божую ласку, наш унутраны чалавек абнаўляецца дзень за днём, сэрца ачышчаецца і становіцца больш пакорным. З гэтага пункту гледжання няўдачы, крызісы, памылкі могуць стаць павучальным вопытам: нярэдка яны дапамагаюць усвядоміць, што толькі адзін Бог варты глыбокай пашаны, бо толькі Ён задавальняе патаемнае жаданне вечнасці і жыцця. Беручы прыклад з мудрацоў, адзначыў Францішак, мы таксама не павінны дазваляць стоме, падзенням і няўдачам збіць нас з шляху. Жыццё – гэта не дэманстрацыя ўменняў, а шлях да Таго, хто бясконца любіць нас.
Нарэшце, трэці ўрок святочнай літургіі – “убачыць”. Евангеліст піша, што мудрацы, “увайшоўшы ў дом, убачылі Дзіця з Марыяй, Маці Яго, і ўпалі, і пакланіліся Яму” (Мц 2, 10-11). Яны паўтарылі жэст, прызначаны для вялікіх князёў, хоць перад іх вачыма была толькі бедная сям’я. Мудрацы здолелі “зазірнуць” за межы бачнага: яны выказалі сваё ўнутранае пакланенне, ахвяру сваіх сэрцаў, вонкава пазначыўшы яе прынесенымі дарамі. Каб пакланяцца Пану, трэба “бачыць” за заслонай бачнага, якое нярэдка аказваецца зманлівым, - адзначыў Папа.
Мудрацы валодалі “тэалагічным рэалізмам”: яны ўспрымалі рэальнасць аб'ектыўна, разумеючы, што Бог пазбягае любой параднасці. Такі погляд, які выходзіць за межы бачнага, дапамагае сузіраць Пана, часта схаванага ў простых жыццёвых сітуацыях, у пакорлівых і адрынутых людзях.
У канцы гаміліі Францішак узнёс малітву, каб Бог зрабіў нас Сваімі сапраўднымі вызнаўцамі, здольнымі жыццём дэманстраваць Яго план любові, які ахоплівае ўсё чалавецтва.