Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак заклікаў да поўнай забароны ядзернай зброі

Святы Айцец нагадаў, што ў пятніцу, 22 студзеня 2021 г., уступіць у сілу Дамова аб забароне ядзернай зброі, і заклікаў усіх прыняць рашучыя меры на карысць свету без ядзернай зброі.

Францішак заўважыў, што “гэта першы юрыдычна абавязковы міжнародны дакумент, які выразна забараняе ядзерную зброю, ужыванне якой мае аднолькавы эфект для ўсіх”.

“За кароткі час яна паражае вялікую колькасць асоб, наносячы доўгатэрміновы ўрон навакольнаму асяроддзю. Настойліва заклікаю ўсе дзяржавы і ўсіх людзей прыняць рашучыя меры для стварэння неабходных умоў на карысць свету без ядзернай зброі, уносячы свой уклад у развіццё міру і шматбаковага супрацоўніцтва, так неабходных чалавецтву сёння”, - сказаў Папа 20 студзеня 2020 г. на завяршэнне агульнай аўдыенцыі.

Дамова аб забароне ядзернай зброі была прынята 7 ліпеня 2017 г. на канферэнцыі ААН у Нью-Ёрку галасамі 122 дзяржаў, супраць былі толькі Нідэрланды, устрымаўся Сінгапур. 69 іншых краін, у тым ліку краіны з ядзерным арсеналам (ЗША, Расія, Вялікабрытанія, Францыя, Кітай, Індыя, Пакістан, Паўночная Карэя, Ізраіль), адмовіліся ўдзельнічаць у канферэнцыі. Дамова была падпісана 84 дзяржавамі і ратыфікавана 50. 24 кастрычніка 2020 г. Гандурас, як пяцідзясятая краіна, ратыфікавала дакумент, такім чынам, у адпаведнасці з арт. 15, ён увойдзе ў сілу праз 90 дзён з гэтай даты – 22 студзеня 2021 г.

Дамова, між іншым, забараняе бакам распрацоўваць, выпрабоўваць, вырабляць і захоўваць ядзерную зброю ці іншыя ядзерныя выбуховыя прыстасаванні, а таксама перадаваць, атрымліваць, прымяняць ці пагражаць прымяненнем такой зброі, стымуляваць любым спосабам рабіць гэта, размяшчаць ядзерны арсенал на сваёй тэрыторыі або ў любым іншым месцы, якое знаходзіцца пад іх юрысдыкцыяй ці кантролем.
 

20 студзеня 2021, 11:13