Францішак: маўчанне – мова Бога і любові
Францішак заклікаў чытачоў адкрыць для сябе каштоўнасць маўклівай малітвы. Ён нагадаў словы св. Маці Тэрэзы з Калькуты, якая казала, што маўчанне павінна весці да любові да людзей.
Святы Айцец перакананы, што “крытыканы” забруджваюць свет і скажаюць цудоўны вобраз Бога, прысутны ў кожным чалавеку. Пляткарства падобна на тэрарыстычны акт, бо ачарненне, абгаворы і нянавісць – гэта граната, якая забівае іншых.
У прадмове да кнігі Пантыфік падкрэсліў, што маўчанне – гэта мова Бога. Яно дазваляе слухаць уласнае сэрца і Папа, які прамаўляе ў “ціхім ветры”, як гэта адбылося з прарокам Іллёй.
У каментары для Vatican News айцец Эмільяна Антэнучы заўважыў, што пляткарства ў наш час з’яўляецца “сусветным відам спорту”, які практыкуецца ў любым асяроддзі, у тым ліку і ў Касцёле. Таму трэба маліцца аб здольнасці “правільнага выкарыстання свайго языка”. Гэта асаблівым чынам тычыцца людзей, якія працуюць у сферы камунікацыі, бо “словы могуць даваць жыццё, а могуць забіваць, могуць будаваць масты, а могуць узводзіць муры”, - падкрэсліў аўтар кнігі.
Капуцын з’яўляецца кустодам санктуарыя Маці Божай Маўклівай у мястэчку Авецана, у горным італьянскім рэгіёне Абруца. Санктуарый узнік зусім нядаўна – у маі мінулага года – па ініцыятыве папы Францішка. Сёння гэтае месца з’яўляецца цэнтрам духоўнасці, цішыні, малітвы і разважання, а калі завершыцца пандэмія, пры санктуарыі будуць праводзіцца курсы духоўнасці і малітоўнага жыцця.