Пошук

Францішак падчас сустрэчы з Бэрніс Альберцін Кінг Францішак падчас сустрэчы з Бэрніс Альберцін Кінг 

Францішак пра актуальнасць мары Марціна Лютэра Кінга

Святы Айцец скіраваў пасланне з нагоды аднаго з галоўных федэральных святаў у Злучаных Штатах – Дня Марціна Лютэра Кінга, якое адзначалася 18 студзеня 2021 г.

У тэксце на імя малодшай дачкі знакамітага амерыканскага праваабаронцы, грамадскай актывісткі Бэрніс Альберцін Кінг, якая на працягу многіх гадоў займаецца прасоўваннем правоў чалавека і культуры міра, Папа заклікаў будаваць грамадства, заснаванае на справядлівасці і братэрскай любові.

“У сучасным свеце, дзе множацца праблемы, звязаныя з сацыяльнай несправядлівасцю, рознагалоссем і канфліктамі, што перашкаджаюць рэалізацыі агульнага дабра, мара Марціна Лютэра Кінга аб гармоніі і роўнасці паміж усімі людзьмі, дасягнутых дзякуючы ненасіллю і прыладам міру, застаецца заўсёды актуальнай”, - падкрэсліў Пантыфік.

Спасылаючыся на сваю энцыкліку Fratelli tutti, Францішак нагадаў, што “кожны з нас пакліканы быць рамеснікам міру, тым, хто яднае, а не дзеліць, гасіць нянавісць, а не захоўвае яе, адкрывае шляхі дыялогу, а не будуе новыя муры!”. “Такім чынам мы зможам убачыць адзін у адным не чужынцаў, а суседзяў, у праўдзе нашай супольнай годнасці дзяцей Найвышэйшага”, - перакананы Папа.

“Толькі ў пастаянным і штодзённым імкненні да рэалізацыі такога светаўспрымання магчыма разам будаваць грамадства, заснаванае на справядлівасці і братэрскай любові”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Францішак і Бэрніс Альберцін Кінг двойчы сустракаліся ў Ватыкане ў 2018 г. У інтэрв’ю ватыканскім СМІ актывістка падкрэслівала падабенства думак Папы і яе бацькі адносна важнасці пазбягання насілля, якое вядзе да самазнішчэння. “Сродкі, якія мы выкарыстоўваем, павінны адпавядаць мэце, якой мы хочам дасягнуць, і калі гэта мэта – мір, то мы ніяк не можам дасягнуць яго метадамі гвалту”, - адзначыла дачка Марціна Лютэра Кінга.
 

19 студзеня 2021, 11:22