Пошук

Падчас аўдыенцыі для Рымскай Роты Падчас аўдыенцыі для Рымскай Роты 

Папа да Рымскай Роты: не забывацца пра наступствы сваіх рашэнняў

Падчас сустрэчы з супрацоўнікамі Трыбунала Рымскай Роты, якая адбылася з нагоды распачацця новага судовага года, Папа працягнуў мінулагодняе разважанне на тэму вынікаў прызнання несапраўднасці сужэнства.

Францішак звярнуў увагу суддзяў на аспект патомства і карысці сужэнца, які не пагаджаецца з вынікам працэсу. Што будзе з дзецьмі і з тым бокам, які не прызнаў несапраўднасць? - задаў пытанне Пантыфік. Пакуль што ўсё здавалася відавочным, але, на жаль, гэта не так. Ён заклікаў памятаць, што сям'я з’яўляецца асновай грамадства і найбольш адэкватнай структурай, якая забяспечвае людзям агульнае дабро.

“Мы ўсе ведаем, наколькі складаны пераход ад прынцыпаў да фактаў. Калі мы гаворым пра суцэльнае дабро людзей, неабходна спытаць сябе, як гэта можа адбыцца ў многіх сітуацыях, у якіх апынуліся дзеці”, - адзначыў Папа.

“Новы сакрамэнтальны саюз, які наступае пасля абвяшчэння несапраўднасці, безумоўна, стане крыніцай міру для сужэнца, які прасіў яго. Аднак як растлумачыць дзецям, што, напрыклад, іх маці, кінутая бацькам, якая не жадае іншага сужэнскага саюза, прымае нядзельную св. Камунію разам з імі, а бацька, які жыве ў новым саюзе або чакае прызнання сужэнства несапраўдным, не можаце ўдзельнічаць у Эўхарыстычным стале?”, - звярнуў увагу Пантыфік 29 студзеня 2021 г.

Святы Айцец заклікаў суддзяў Рымскай Роты “адкрыцца на гарызонты складанага, але не немагчымага душпастырства, якое датычыцца клопату пра дзяцей як аб нявінных ахвярах многіх сітуацый разрыву, разводу і новых грамадзянскіх саюзаў”. Ён патлумачыў, што гаворка ідзе аб тым, каб выконваць місію суддзі як службу, поўную душпастырскага сэнсу, паколькі абвяшчэнне несапраўднасці сужэнства многімі разглядаецца як халодны юрыдычны акт.

“Няхай Дух Святы, да якога вы звяртаецеся перад прыняццем любога рашэння аб сапраўднасці сужэнства, асвеціць вас і дапаможа вам не забывацца пра наступствы сваіх учынкаў: перш за ўсё пра дабро дзяцей, іх спакой або, наадварот, страту радасці ў выніку расстання бацькоў”, - заклікаў Папа.

Францішак звярнуўся да біскупаў і іх судовых супрацоўнікаў, запрашаючы іх “ажыццяўляць дыяканію абароны, клопату і суправаджэння пакінутага сужэнца і, магчыма, дзяцей, якія адчуваюць на сабе рашэнні, нават справядлівыя і законныя, аб прызнанні несапраўднасці сужэнства”.

Пантыфік пажадаў Трыбуналу Рымскай Роты “працягваць выконваць сваю нялёгкую функцыю, служачы Боскаму плану адносна сужэнства і сям’і”.
 

29 студзеня 2021, 12:38