Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: Вялікі пост – час для міласэрнай любові і дыялогу

Святы Айцец скіраваў пасланне з нагоды штогадовай экалагічнай Кампаніі братэрства, ініцыятывы Канферэнцыі Біскупаў Бразіліі. Па традыцыі, яна бярэ старт у Папяльцовую сераду.

Францішак нагадаў, што Вялікі пост – гэта час, калі хрысціяне могуць зрабіць шмат. Рухавіком для іх павінна быць міласэрная любоў, спалучаная з салідарнасцю і адкрытасцю на дыялог.

Папа дадаў, што ва ўмовах пандэміі Хрыстус заклікае нас маліцца за памерлых, благаслаўляць бескарыслівае служэнне многіх медыкаў, падтрымліваць салідарнасць паміж людзьмі добрай волі, “кліча нас клапаціцца пра сябе, пра сваё здароўе і турбавацца пра іншых, як вучыць прыпавесць пра Добрага самараніна”.

Звяртаючы ўвагу на экуменічны характар ініцыятывы, Святы Айцец назваў дыялог паміж рознымі рэлігійнымі супольнасцямі ў Бразіліі “прычынай для надзеі”. Хрысціяне пакліканы даваць прыклад адзінства ў экуменічным дыялогу, адкрываць сэрца на бліжняга “без страху і падазронасці” і разам “шукаць міру перад абліччам адзінага Бога”.

Францішак заклікаў адрасатаў паслання ў духу ўзаемнай павагі і супрацоўніцтва рабіць унёсак на карысць братэрства і справядлівасці ў грамадстве. Ён заўважыў, што пандэмію “можна будзе перамагчы ў той меры, у якой здолеем пераадолець падзелы і з’яднацца вакол чалавечага жыцця”.

Каб пазбегнуць вяртання да “ліхаманкавага спажывальніцтва і новых форм эгаістычнага самазахавання” пасля заканчэння эпідэмічнага крызісу, Святы Айцец заклікаў карыстацца прыладамі, якія прапануе Вялікі пост: малітвай, постам і міласцінай.
 

18 лютага 2021, 10:37