Пошук

Францішак падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў Генеральнай асамблеі Руху факаляраў Францішак падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў Генеральнай асамблеі Руху факаляраў  

Папа да Руху факаляраў: будзьце сведкамі братняй любові

Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў Генеральнай асамблеі Руху факаляраў і сардэчна прывітаў тых членаў супольнасці, якія далучыліся да сустрэчы дзякуючы анлайн-трансляцыі.

У сваім звароце Святы Айцец падзяліўся думкамі адносна важнасці знешніх і ўнутраных крызісаў для сталення чалавека і супольнасці і заклікаў членаў Руху перажываць сваю духоўнасць паслядоўна і рэалістычна.

Найперш, Францішак заўважыў, што Руху пагражае натуральны стан разгубленасці і колькаснае памяншэнне, выкліканыя стратай сваёй заснавальніцы К’яры Любіч, якая адышла ў вечнасць 12 гадоў таму. Каб пераадолець гэтыя тэндэнцыі, ён запрасіў сваіх гасцей да “дынамічнай вернасці” вытоку іх харызмы – “здольнай інтэрпрэтаваць знакі і патрэбы часу і адказваць на новыя запатрабаванні, якія прад’яўляе чалавецтва”.

Пантыфік параіў Руху абнаўляцца знутры, дзейнічаючы творча, мудра, спагадліва ў адносінах да людзей і верна – у адносінах да Касцёла, застаючыся адкрытымі на іншых, бо і “Евангелле прызначана для ўсіх; гэта закваска чалавецтва ў любым месцы і ў любы час”, - заўважыў Папа.

Адкрытасць і дыялог “дапамогуць вам пазбегнуць засяроджанасці на саміх сабе, якая ніколі не паходзіць ад добрага духа”

, - запэўніў Францішак.

Папа падкрэсліў важнасць крызісаў, бо яны з’яўляюцца “пакліканнем да новай сталасці”; “гэта час Духа Святога, Які нараджае неабходнасць распачацця абнаўлення, не адступаючы перад складанасцю і супярэчлівасцю чалавечай прыроды”.

Сёння, па словах Папы, уменне супрацьстаяць цяжкасцям у пазітыўным ключы як ніколі актуальна. І калі пераадоленне грамадскіх і арганізацыйных крызісаў – задача тых, хто займае дзяржаўныя пасады, то выхад з духоўных крызісаў, якія закранаюць прыватную сферу і свядомасць чалавека, – задача тых, хто не працуе на дзяржаўных пасадах.

“Гэта добрае правіла, якое адносіцца не толькі да крызісных момантаў чалавека, але і ўвогуле да яго суправаджэння на духоўных шляху. Гэта мудрае адрозненне паміж знешнім і ўнутраным судом, неабходнасці якога нас вучыць вопыт і традыцыя Касцёла”

, - сказаў Святы Айцец.

Нарэшце, Францішак заклікаў членаў Руху факаляраў перажываць сваю духоўнасць паслядоўна і рэалістычна, нагадаўшы, што канчатковая мэта іх харызмы супадае з жаданнем Езуса, Які ў сваёй апошняй малітве прасіў Айца, “каб усе былі адно” (Ян 17,21).

Папа заахвоціў сваіх гасцей у іх дзейнасці “быць сведкамі блізкасці” і “братняй любові, якая пераадольвае ўсялякую перашкоду і ахоплівае любы чалавечы стан”, а ўнутры Руху “пашыраць сінадальнасць, каб усе члены адчувалі ўзаемаадказнасць і сваё дачыненне да Справы Марыі”.

“Наследуючы К’яру Любіч, услухоўвайцеся заўсёды ў крык бездапаможнасці Хрыста на крыжы, які ўвасабляе найвышэйшую меру любові. Ласка, якая з яе выплывае, здольная нарадзіць у нас, слабых і грэшных, велікадушныя і часам гераічныя адказы; здольная перамяніць пакуты і нават трагедыі ў крыніцу святла і надзеі для чалавецтва. У гэтым пераходзе ад смерці да жыцця прабывае сэрца хрысціянства і вашай харызмы”, - заключыў Святы Айцец.
 

06 лютага 2021, 14:36