Папа: шлях да братэрства пралягае праз блізкасць і ахвяру
Францішак у адмысловым відэазвароце прывітаў удзельнікаў 65-га Кангрэса па рэлігійнай адукацыі, які распачаўся ў архіцыядэзіі Лос-Анжэлеса. Папа неаднаразова спаслаўся на энцыкліку Fratelli tutti і выказаў упэўненасць, што пакуты, выкліканыя пандэміяй, пераменяць чалавецтва.
Каб “будаваць заўтрашні дзень” пасля гэтага крызісу, які пазначыў “жыццё людзей і гісторыю нашых супольнасцей”, трэба “дзейнічаць у духу Самараніна”, іншымі словамі, дазваляць, каб тое, што мы бачым, нас кранала, ведаючы, што цярпенні нас змяняюць і што чалавек, які пакутуе, патрабуе нашай дапамогі, - лічыць Пантыфік.
Разам з Кангрэсам, каліфарнійская архідыяцэзія адзначае 19 лютага 2021 г. 50-ы Дзень моладзі. У сувязі з гэтым Францішак прывітаў арцыбіскупа Хасэ Арасіа Гомеса, старшыню Канферэнцыі Біскупаў ЗША, і павіншаваў яго “з доўгім і плённым шляхам” гэтых дзвюх ініцыятыў і назваў вельмі своечасовай тэму, абраную для сёлетняга Кангрэса: “Абвяшчай абяцанне!”.
“Нам трэба абвяшчаць і нагадваць, што мы маем Божае абяцанне і што Бог заўсёды трымае свае абяцанні”, - сказаў Папа, запэўніўшы, што кожны чалавек і кожнае пакаленне нясуць у сабе абяцанне, здольнае вызваліць новую агульначалавечую, інтэлектуальную, культурную і духоўную энергію.
Францішак заклікаў удзельнікаў Кангрэса спрыяць аднаўленню сусветнага імкнення да братэрства, бо ўсім нам “патрэбна супольнасць, якая б нас падтрымала” і ў якой мы “дапамагалі б адзін аднаму глядзець наперад”.
Вітаючы каліфарнійскую моладзь, Пантыфік заахвоціў яе жывіць надзею – “рэчаіснасць, укаранёную глыбока ў чалавеку”, і быць “паэтамі чалавечай прыгажосці”, “новай братэрскай і прыязнай прыгажосці”.