Ватыкан: змены ў сістэме адбывання пакарання і судовага ладу
Ва ўступе да дакумента Папа адзначыў, што змены прадыктаваны новымі патрабаваннямі ў сістэме крымінальнага правасуддзя і неабходнасцю яго пастаяннага прыставання да патрабаванняў часу.
У першую чаргу гаворка ідзе пра магчымасць скарачэння тэрміну пакарання з 45 да 120 дзён за кожны год абмежавання волі асуджанага, пры ўмове, што на працягу адбывання зняволення яго паводзіны характарызуюцца раскаяннем і актыўным удзелам у праграмах сацыяльнай рэінтэграцыі.
Калі прысуд уваходзіць у сілу, асуджаны, пры ўзгадненні з суддзёй, можа прапанаваць праграму “рэжыму выпраўлення і рэінтэграцыі”, у якой павінны ўтрымлівацца канкрэтныя абавязацельствы, якія ён бярэ на сябе, а таксама прадугледжвацца выпраўленне шкоды, што была нанесена злачынствам. Праграма можа ўключаць таксама грамадскія працы і валанцёрскую дзейнасць.
Наступнае новаўвядзенне тычыцца магчымасці правядзення судовага працэсу пры адсутнасці абвінавачанага, калі ён не прадставіць доказаў законных перашкод для гэтага. Калі абвінавачаны пацвердзіць немагчымасць удзелу ў судовым працэсе па “законных і сур’ёзных прычынах”, суддзя можа прыпыніць працэс.
Яшчэ адна змена тычыцца дапаўнення ў закон СССLI аб судовым ладзе. Між іншым, гаворка ідзе пра захаванне суддзямі ўсіх правоў і сацыяльных гарантый, прадугледжаных для ватыканскіх грамадзян, пасля завяршэння іх мандату.
Падкрэсліваецца таксама аўтаномнасць і незалежнасць Упраўлення Прамотара справавядлівасці падчас выканання функцыі дзяржаўнага абвінавачвання і іншых, прадугледжаных законам функцый, ва ўсіх трох інстанцыях судовага ладу. Раней у выпадку апеляцыі ці касацыйнай скаргі дзяржаўнае абвінавачванне павінен быў ажыццяўляць іншы чым у судзе першай інстанцыі пракурор. Цяпер і ў іншых інстанцыях функцыі дзяржаўнага абвінавачвання будуць выконваць супрацоўнікі Упраўлення Прамотара справядлівасці.