Францішак імкнецца выратаваць хрысціянства на Блізкім Усходзе
“Адток хрысціян з Блізкага Усходу – з Ірака, Лівана, Сірыі – гэта важны выклік для будучыні хрысціянства, а таксама геапалітычная праблема, таму што паслядоўнікі Хрыста былі тут заўсёды, заўсёды займалі сваё месца сярод іншых, большых суполак”, - растлумачыў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер у інтэрв’ю парталу Crux.
На думку ватыканскага дыпламата, калі хрысціяне згубяць свае карані на Блізкім Усходзе, гэта будзе мець вельмі сур'ёзныя наступствы. Ён нагадаў пра сітуацыю ў Паўночнай Афрыцы, дзе прысутнасць хрысціянства цяпер з'яўляецца толькі часткай гісторыі. "Існуе небяспека, што і Блізкі Усход стане месцам, дзе мы будзем наведваць музеі святых месцаў, у якіх няма жыцця", - папярэдзіў арцыбіскуп Галахер.
Паводле яго, Папа спрабуе дапамагчы хрысціянам выжыць на Блізкім Усходзе, але гэта складана, таму што яны не абавязаны заставацца там, маюць права эміграваць, асабліва калі "не бачаць будучыні" .
Іерарх прызнаў, што Святы Пасад спрабуе паўплываць на міжнародную супольнасць, каб стварыць умовы, якія дазволяць хрысціянам бяспечна заставацца на Радзіме. “Мы вядзём шмат перамоў з дыпламатычным корпусам у Рыме”, - прызнаўся іерарх, які суправаджаў Францішка падчас паездкі ў Ірак і размаўляў з мясцовым міністрам замежных спраў.
Колькасць хрысціян у Іраку за апошнія 20 гадоў скарацілася з 1,3-1,5 млн да каля 250 тыс.