Францішак: Дантэ – прарок надзеі і паэт міласэрнасці
Пантыфік падкрэсліў, што нават праз многія стагоддзі пасля смерці на выгнанні ў 1321 г. Дантэ працягвае прамаўляць да людзей сучаснай эпохі. Ён заклікае не толькі чытаць і вывучаць яго творчасць, але ў першую чаргу наследаваць яго шлях да шчасця – да бясконцай і вечнай Божай любові.
Францішак заўважыў, што дата абнародавання яго Апостальскага ліста была выбрана не выпадкова. 25 сакавіка адзначаецца ўрачыстасць Звеставання Пана. Таямніца ўцелаўлення, ля вытокаў якой знаходзіцца згода Марыі, гэта сапраўдная крыніцай натхнення і душа ўсёй Боскай камедыі. У гэтым творы Дантэ адбываецца надзвычайны абмен паміж Богам, які ўваходзіць у нашу гісторыю, і чалавецтвам, якое “ўзносіцца да Бога, знаходзячы ў Ім сапраўднае шчасце”.
Апостальскі ліст складаецца з дзевяці раздзелаў. Ён пачынаецца з кароткага агляду думак Рымскіх Пантыфікаў пра Дантэ. Папа распавядае пра жыццё паэта, называючы яго “парадыгмай чалавечага стану”. Затым падкрэслівае актуальнасць яго творчасці, якая з’яўляецца “неад’емнай часткай нашай культуры”, нагадвае “пра хрысціянскія карані Еўропы і Захаду, уяўляе сабой спадчыну ідэалаў і каштоўнасцей” братэрства, якія і ў нашы дні Касцёл і грамадзянская супольнасць прапануюць у якасці “асновы чалавечага суіснавання”.
Пантыфік заўважыў, што ў Боскай камедыі ёсць два асноватворныя напрамкі, а менавіта “жаданне, уласцівае чалавечай душы” і “шчасце, падоранае бачаннем Любові, якой ёсць Бог”.
Папа вылучыў тры жаночых персанажы ў творчасці Дантэ: Багародзіцу, сімвал міласэрнасці; Беатрычэ, сімвал надзеі; і св. Луцыю, вобраз веры. Яны нагадваюць пра тры тэалагічныя цноты і суправаджаюць Дантэ на розных этапах яго вандравання, паказваючы, што нельга збавіцца выключна сваімі сіламі: патрэбна дапамога тых, хто “можа падтрымаць і суправадзіць з мудрасцю і разважлівасцю”.
Асобны раздзел Пантыфік прысвяціў постаці св. Францішка Асізскага, які ў творчасці Дантэ прадстаўлены ў “ззяючай ружы шчаслівых”. Паміж гэтымі двума італьянцамі існуе гармонія: абодва звярталіся да народа, былі адкрытыя на прыгажосць Стварэння, якое адлюстроўвае Стварыцеля. Паводле Святога Айца, Дантэ можна лічыць прадвеснікам нашай мультымедыйнай эпохі, бо ў яго творчасці “словы і вобразы, сімвалы і гукі спалучаюцца ў адзінае пасланне”.
Францішак заклікае выхавальнікаў моладзі “натхнёна перадаваць пасланне Дантэ і яго культурную, рэлігійную і маральную спадчыну”. Важна, каб яна не засталася зачыненай у школьных класах і ўніверсітэцкіх аўдыторыях, але шырока распаўсюджвалася хрысціянскай супольнасцю і культурнымі асацыяцыямі.
Папа заахвоціў таксама людзей мастацтва звяртацца да творчасці Дантэ, распаўсюджваючы “пасланне міра, свабоды і братэрства”. Гэта задача асабліва актуальная ў цяперашні гістарычны момант, пазначаны недаверам, дэградацыяй і няўпэўненасцю ў заўтрашнім дні.