Новая кніга пра духоўнасць папы Францішка
Рэдактарам зборніка з’яўляецца кс. Франка Нардзін, прадмову да яго напісаў кардынал Анджэла Дэ Данаціс, Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі.
Публікацыя змяшчае словы Пантыфіка, выбраныя з яго публічных заяў і дакументаў. "Папскае вучэнне ўсё больш канцэнтруецца на тэалагічнай і антрапалагічнай думцы, якую сам Святы Айцец называе "духоўнасцю сэрца". Яна аб'ядноўвае вялікія традыцыі Касцёла, у тым ліку ігнацыянскую”, - адзначыў кс. Нардзін.
Кніга – гэта не толькі збор разважанняў, але нешта накшталт тэалагічнага і духоўнага падручніка, мэта якога – прывесці чытача да жывых адносін з Айцом праз Езуса ў Духу Святым. "Гэта можа істотна паўплываць на аздараўленне нас ад духоўнай цвёрдасці, дапамагчы навучыцца духоўнаму разуменню, як асабістаму, так і душпастырскаму, і ўбачыць знакі, якія Провід нам пакідае кожны дзень", - напісаў у прадмове кардынал Дэ Данаціс.