Пантыфік да святароў: вучыцца ў св. Юзафа мастацтву айцоўства
Аўдыенцыя адбылася ў Ватыкане 18 сакавіка 2021 г. – у вігілію ўрачыстасці св. Юзафа, нябеснага апекуна ўстановы. Сустрэча была прымеркавана да 175-годдзя з дня заснавання калегіума.
Францішак уручыў сваім гасцям тэкст прамовы, якую падрыхтаваў загадзя. Звяртаючы ўвагу на постаць Абранніка Багародзіцы, ён прапанаваў будучым святарам паразважаць аб “тоеснасці пастыра і спосабах рэалізацыі бацькоўства ў адносінах да людзей, якія яму давераны”.
У першую чаргу, св. Юзаф – гэта айцец, які прымае. Ён любіў і абараняў Марыю і Езуса, не шукаў тлумачэнняў таямнічай рэчаіснасці, перад якой апынуўся, але прымаў яе з верай. У гэтым сэнсе св. Юзаф “з’яўляецца настаўнікам духоўнага жыцця і праніклівасці”, што вучыць прымаць рэчаіснасць такой, якой яна ёсць, - падкрэсліў Пантыфік.
Прыводзячы канкрэтны прыклад, Францішак заўважыў, што, прыбываючы ў новую парафію, святар павінен лічыцца з яе гісторыяй і не ігнараваць яе “ў імя ўласных ідэй і душпастырскіх задум, рэалізацыі якіх не можа дачакацца”. “Новы пробашч павінен перш за ўсё любіць супольнасць, бескарысліва, толькі таму што быў пасланы да яе; і крок за крокам, ставячыся з любоўю, ён зможа глыбока пазнаць яе і дапамагчы ёй выйсці на новыя сцежкі”, - заўважыў Папа.
Пантыфік падкрэсліў, што св. Юзаф з’яўляецца айцец, які абараняе. Гэту місію ён прыняў на сябе з “унутранай свабодай добрага і вернага слугі, які прагне выключна карысці для людзей, якія былі яму давераны”. Таксама і святар пакліканы “з ласкавасцю любіць” давераных яму асоб, ведаць, калі трэба адысці ў бок, а калі стаць побач, заўсёды з увагай і малітвай.
Францішак перакананы, што менавіта такім з’яўляецца стаўленне пастыра, які не пакідае ўласны статак, любіць і ведае яго. Такі святар “ставіць у цэнтр не самога сябе і ўласныя ідэі, але дабро тых, каго ён пакліканы абараняць”, пазбягае “спакус панавання і занядбання”.
Пантыфік нагадаў, што св. Юзаф – гэта айцец, які марыць. Не “летуценнік”, а чалавек здольны глядзець далей за тое, што бачна, і быць прыладай рэалізацыі “яшчэ большай задумы”, служачы незаўважна, шчыра і нястомна. Папа заклікаў святароў “не абмяжоўвацца захаваннем таго, што існуе”, але, “адштурхоўваючыся ад канкрэтнай гісторыі людзей, спрыяць навяртанню і абнаўленню ў місійным сэнсе”.
Завяршаючы прамову, Францішак пажадаў сваім гасцям на працягу Года св. Юзафа вучыцца ад Абранніка Маці Божай мастацтву айцоўства, якое ў хуткім часе яны павінны будуць рэалізаваць у супольнасцях і сферах служэння, даручаных ім.