Францішак: скажам “не” тэрарызму і інструменталізацыі рэлігіі
Францішак адзначыў культурную і рэлігійную разнастайнасць Каракоша, што, на яго думку, з’яўляецца знакам надзеі на будучыню. У той жа час ён звярнуў увагу на знакі насілля, нянавісці, вайны і шматлікія разбурэнні, якія абрынуліся на гэту зямлю.
Святы Айцец запэўніў, што Касцёл будзе побач з жыхарамі рэгіёну ў сваёй малітве і канкрэтнай дапамозе, а таксама заўважыў, што важна аднавіць не толькі будынкі, але і сувязі паміж людзьмі і пакаленнямі, каб перадаваць дары, якія паходзяць ад Бога.
Пантыфік звярнуў увагу на важнасць прабачэння, якое неабходна для таго, каб заставацца хрысціянамі. Шлях поўнага аздараўлення доўгі і складаны, ён патрабуе здольнасці прабачаць і мужнасці, каб змагацца, але мы спадзяемся, што Пан зможа прынесці мір на гэту зямлю. “Мы давяраем Яму і разам з усімі людзьмі добрай волі кажам “не” тэрарызму і інструменталізацыі рэлігіі”, - падкрэсліў Папа.
Францішак адзначыў таксама важнасць удзячнасці, якая ўмацоўваецца, калі ўспамінаем пра дары і абяцанні Бога. “Падзякуем за Яго дары і папросім паслаць мір, прабачэнне і братэрства на гэтыя землі і людзям, якія жывуць тут”, - сказаў ён.
Перад малітвай “Анёл Панскі” Францішак даручыў адраджэнне Карашоша заступніцтву Багародзіцы, фігура якой была зноў устаноўлена на адбудаваным катэдральным касцёле.
“Яе аблічча было паранена і зневажана, але твар Маці Божай працягвае глядзець на нас з ласкавасцю, бо так робяць усе маці: яны суцяшаюць, падтрымліваюць, даюць жыццё. І я жадаю ад усяго сэрца падзякаваць усім маці і жанчынам гэтай краіны, мужным жанчынам, якія працягваюць дарыць жыццё, нягледзячы на ўсе цяжкасці і раны. Яны заслугоўваюць самай глыбокай павагі і абароны, увагі грамадства і магчымасцей для будучыні”, - падкрэсліў Святы Айцец.