Пошук

Падчас аўдыенцыі для ватыканскіх суддзяў Падчас аўдыенцыі для ватыканскіх суддзяў 

Пантыфік пра актуальныя для ватыканскага правасуддзя выклікі

Трэба, каб фінансавая сістэма Дзяржавы Ватыкан была ўзорнай, а тыя, хто працуе ў гэтай сферы, павінны мець бездакорныя паводзіны, - падкрэсліў Папа падчас сустрэчы з ватыканскімі суддзямі.

27 сакавіка 2021 г. Францішак правёў аўдыенцыю з нагоды інаўгурацыі 92-га судовага года Трыбунала Дзяржавы Ватыкан. У сустрэчы прыняў удзел прэм’ер-міністр Італіі Марыё Драгі.

У прамове Францішак звярнуў увагу на сімвалізм месца правядзення сустрэчы – Залы благаслаўленняў базылікі св. Пятра, адны вокны якой выходзяць на Рым і свет, а другія – на базыліку св. Пятра і яе знакаміты вітраж з выявай Святога Духа. Гэта дапамагае зразумець сэнс і заданне Касцёла: падтрымліваць праўду, быць месцам сустрэчы паміж народамі і прымірэння паміж людзьмі, каб весці іх да веры, свабоды і міру ў Хрысце.

Гаворачы пра актуальныя для правасуддзя выклікі, Папа нагадаў аб нядаўніх зменах у судовым заканадаўстве Ватыкана. Ён падкрэсліў, што новаўвядзенні павінны спрыяць абсалютнай празрыстасці ў дзейнасці ватыканскіх структур, асабліва ў эканамічнай і фінансавай сферах, і супрацоўніцтву са следчымі органамі іншых краін. Тут трэба грунтавацца на асноватворных прынцыпах касцёльнага жыцця і ўлічваць перадавы міжнародны вопыт, - лічыць Пантыфік.

Францішак падкрэсліў, што людзі, якія працуюць у эканамічна-фінансавым сектары павінны даваць бездакорнае сведчанне моцнай веры і паслядоўнасці ў паводзінах.

“Мы пакліканы канкрэтным і пераканаўчым чынам, адпаведна сваім пасадам і функцыям, сведчыць аб велізарнай спадчыне каштоўнасцей, якія характарызуюць місію Касцёла, яго сутнасць быць “соллю і святлом” для грамадства і міжнароднай супольнасці, асабліва ў крызісныя, як актуальны, моманты”, - падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў, што жывапіс і скульптура часта прадстаўляюць Справядлівасць, якая трымае ў адной руцэ шалі, каб ураўнаважваць супрацьлеглыя інтарэсы ці сітуацыі, а ў іншай – меч, каб бараніць закон. “Пазней хрысціянская іканаграфія дадала да мастацкай традыцыі адну немалаважную дэталь: вочы Справядлівасці былі не завязаны, а скіраваны ўверх: яны глядзяць у неба, бо сапраўдная справядлівасць існуе толькі на Нябёсах”, - нагадаў супрацоўнікам ватыканскага Трыбунала Францішак.
 

27 сакавіка 2021, 13:02