Папа падчас сустрэчы  з каталіцкай супольнасцю Ірака Папа падчас сустрэчы з каталіцкай супольнасцю Ірака 

Пантыфік да духавенства Ірака: не аддаляйцеся ад Божага народу

“Не аддаляйцеся ад святога Божага народу, у якім вы нарадзіліся”, - заклікаў Папа іракскіх біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў, семінарыстаў і катэхетаў.

Святы Айцец сустрэўся з імі 5 сакавіка 2021 г., у першы дзень свайго апостальскага падарожжа ў Ірак, у катэдральным касцёл Маці Божай Адкуплення ў Багдадзе.

Гэтая святыня, як падкрэсліў Францішак, асвечана крывёю братоў і сясцёр, якія “заплацілі тут найвышэйшую цану за сваю вернасць Пану і Яго Касцёлу”, загінуўшы дзесяць гадоў таму ад рук тэрарыстаў. “Іх смерць выразна нам нагадвае, што падбухторванне да вайны, нянавісці, насілля і праліцця крыві немагчыма спалучыць з навучаннем рэлігіі”, - дадаў Пантыфік, нагадаўшы, што рэлігія паклікана служыць “справе міру і і адзінства”, а жывая вера ў Езуса “можа змяніць свет”.

“Цяжкасці з’яўляюцца штодзённым досведам вернікаў у Іраку. У апошнія дзесяцігоддзі вы і вашыя суайчыннікі вымушаны былі спраўляцца з наступствамі вайны і пераследу, – працягваў Святы Айцец. – Дзякую вам, браты біскупы і святары, за тое, што застаецеся побач са сваім народам, што падтрымліваеце яго, стараючыся адказваць на іх патрэбы і дапамагаючы кожнаму спаўняць сваю ролю ў служэнні супольнаму дабру. Адукацыйнае і дабрачыннае апостальства вашых лакальных Касцёлаў з’яўляецца каштоўным багаццем для жыцця як касцёльнай супольнасці, так і ўсяго грамадства”.

Як адзначыў Пантыфік, “любоў Хрыста заклікае нас адкінуць усялякі эгацэнтрызм і саперніцтва; прыспешвае нас да паўсюднага адзінства і заклікае нас да стварэння супольнасці братоў і сясцёр, якія прымаюць адно аднаго і клапоцяцца адно пра аднаго”.

Папа нагадаў пра супольную адказнасць духавенства, кансэкраваных асобаў і вернікаў за спаўненне місіі Касцёла. “Часам могуць з’яўляцца непаразуменні, і мы можам адчуваць напружанне – гэта вузлы, якія перашкаджаюць ткаць братэрства. Гэта вузлы, якія мы носім у сабе, бо з’яўляемся грэшнікамі, – сцвердзіў Пантыфік. – Але гэтыя вузлы (…) могуць быць развязаны праз прабачэнне і братэрскі дыялог”.

Звяртаючыся да біскупаў, Францішак заклікаў іх “быць побач са сваімі святарамі”, каб тыя бачылі ў сваіх іерархах “сабраўдных айцоў, якія клапоцяцца пра тое, каб дзецям было добра, гатовых з адкрытым сэрцам падтрымліваць і ўмацоўваць”. “Суправаджайце іх вашай малітвай, вашым часам, вашай цярплівасцю, належна ацэньваючы іх працу і даючы кірунак іх развіццю”, - дадаў Святы Айцец.

Звяртаючыся да ўсіх прысутных, Пантыфік указаў на важнасць служыць самаахвярна, “у духу спачування, пакоры, зычлівасці, з любоўю”, бо такім чынам гэта будзе служэнне самому Езусу.

“Служачы Езусу ў іншых, мы адкрываем сапраўдную радасць. Не аддаляйцеся ад святога Божага народу, у якім вы нарадзіліся, – з клікаў Пантыфік. – Будзьце пастырамі, слугамі народа, а не дзяржаўнымі служачымі”.

З айцоўскім клопатам Святы Айцец сказаў пра моладзь, якая “асабліва ў гэтай краіне з’яўляецца носьбітам абяцання і надзеі”: “Яны з’яўляюцца вашым скарбам, і трэба клапаціцца пра іх, распальваць іх мары, суправаджаць у іх вандроўцы, абуджаючы іх надзею”.
 

05 сакавіка 2021, 15:36