Папа заклікаў маліцца за тых, хто пакутуе ў розных частках свету
“З сумам даведаўся пра нядаўнія тэракты ў Нігеры, якія прывялі да смерці 137 чалавек. Памолімся за ахвяр, іх сем'і і грамадства ў цэлым, каб перажыты імі гвалт не прывёў да страты ўпэўненасці на шляху дэмакратыі, справядлівасці і міру”, - сказаў Францішак 24 сакавіка 2021 г.
Пантыфік таксама выказаў сваю салідарнасць з аўстралійцамі, якія пацярпелі ў выніку моцных паводак у штаце Новы Паўднёвы Уэльс. “Я блізкі да людзей і сем'яў, якія пацярпелі ад гэтай катастрофы, асабліва да тых, у каго пашкоджаны дамы. Падтрымліваю тых, хто робіць усё, што ад іх залежыць, каб знайсці зніклых і прынесці дапамогу”, - адзначыў Папа.
Францішак нагадаў, што 24 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень барацьбы з туберкулёзам. “Няхай гэта дата дапаможа стымуляваць ініцыятывы па лячэнні гэтай хваробы і салідарнасці з тымі, хто пакутуе на яе. За іх і іх сем'і я малюся, просячы аб Божым суцяшэнні”, - сказаў Папа.