Пасланне на Дзень пакліканняў: св. Юзаф – прыклад для кожнага
Папа падкрэсліў, што сведчанне Абранніка Панны Марыі кажа пра пакліканне кожнага чалавека. У Евангеллі няма ніводнага яго слова. Але Бог глядзіць глыбока, і ў асобе святога Ён “распазнаў сэрца бацькі, здольнага даваць і ствараць жыццё ў штодзённасці”. Вось мэта паклікання: штодзённа ствараць і адраджаць жыццё, - перакананы Папа.
“Пан прагне фарміраваць бацькоўскія і мацярынскія сэрцы: сэрцы адкрытыя, здольныя да вялікага энтузіязму, шчодрыя ў дары сябе, спагадлівыя ў суцяшэнні трывог і моцныя ва ўмацаванні надзеі. Гэтага патрабуе святарства і кансэкраванае жыццё, асабліва сёння, у часы, пазначаныя ўразлівасцю і пакутамі, выкліканымі ў тым ліку пандэміяй, якая стварыла няўпэўненасць і страх перад будучыняй і сэнсам жыцця. Св. Юзаф выходзіць нам насустрач са сваёй сціпласцю, як святы, што жыве па суседству; і адначасова яго моцнае сведчанне можа зарыентаваць нас на шляху”, - напісаў Пантыфік.
Св. Юзаф зрабіў са свайго жыцця дар, дзякуючы марам, якія ўказвалі яму шлях. Ён меў пільнае “ўнутранае вуха”, і яму было дастаткова толькі невялікага знаку, каб распазнаць Божы голас і пайсці за ім. Пантыфік нагадаў, што Бог не аддае перавагу грандыёзным аб’яўленням, не фарсіруе нашу свабоду. Ён прамаўляе з лагоднасцю, набліжаецца да нас, прамаўляе праз нашы думкі і пачуцці. Каб адказаць на Яго голас, патрэбна мужнасць св. Юзафа.
“Не бывае веры без рызыкі. Толькі з даверам аддаючыся ласцы, адмаўляючыся ад сваіх планаў і камфорту, можна па-сапраўднаму сказаць Богу “так”. І кожнае “так” прыносіць плён, бо злучаецца з яшчэ большай задумай, у якой мы заўважаем толькі дэталі, але якую Боскі Мастак ведае і рэалізуе, каб зрабіць з кожнага жыцця шэдэўр”, - напісаў Святы Айцец.
Іншы аспект асобы св. Юзафа – гэта служэнне. Абаронца Марыі і Езуса не баяўся выходзіць насустрач новым выклікам, не наракаў, быў чалавекам адкрытым, жыў, каб служыць іншым.
Пантыфік заўважыў, што св. Юзаф рэалізаваў сваё пакліканне праз клопат аб Марыі і Езусе. “Які цудоўны прыклад хрысціянскага жыцця мы даём, калі не рэалізуем з упартасцю ўласныя амбіцыі і не дазваляем нашай настальгіі паралізаваць нас, але клапоцімся пра тое, што Пан даверыў нам праз Касцёл! Тады Бог вылівае свайго Духа, сваю крэатыўнасць на нас, і чыніць цуды, як у асобе св. Юзафа”, - дадаў Папа.
Св. Юзаф быў чалавекам верным, які ў дзейсным маўчанні штодзённа выконваў волю Пана. Таксама і пакліканне кожнага чалавека сталее праз штодзённую вернасць, якая грунтуецца на даверы да Бога, Які заклікае не баяцца.
Францішак заўважыў, што словы “не бойся” Бог паўтарае кожнаму чалавеку, калі паміж няўпэўненасцю і сумневамі ён адчувае неадкладнае жаданне падарыць сваё жыццё Пану; калі пасярод выпрабаванняў і непаразумення змагаецца, каб штодзённа выконваць Яго волю; гэта словы, якія як рэфрэн суправаджаюць тых, хто сваім жыццём кажа Богу “так”.
Завяршаючы пасланне, Папа пажадаў радасці ўсім, хто зрабіў Бога марай свайго жыцця, каб служыць Яму ў братах і сёстрах, праз вернасць, якая ўжо сама па сабе з’яўляецца сведчаннем у эпоху, пазначаную часовымі рашэннямі і эмоцыямі, якія прамінаюць не пакідаючы радасці.
Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях быў устаноўлены Паўлам VI у 1964 г. і адзначаецца ў 4-ю Велікодную нядзелю. Сёлёта гэта – 25 красавіка.