Святы Айцец сустрэўся з Вярхоўным Аяталой Аль-Сістані
Візіт працягваўся каля 45 хвілін. Ён праходзіў у рэзідэнцыі Вярхоўнага Аяталы на тэрыторыі мячэці імама Алі. Гэта месца лічыцца трэцім па важнасці для шыітаў пасля мячэцяў у Мецы і Медзіне. Уздоўж маршрута ад аэрапорта да месца сустрэчы Пантыфіка віталі нешматлікія мясцовыя жыхары з ватыканскімі і іракскімі сцягамі.
Падчас размовы Святы Айцец падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва і сяброўства паміж рэлігійнымі супольнасцямі, што можа паспрыяць развіццю ўзаемнай павагі і дыялогу ў Іраку, рэгіёне і на планеце, - паведаміў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы.
“Для Папы сустрэча стала нагодай, каб падзякаваць Вярхоўнаму Аятале Аль-Сістані за тое, што перад абліччам насілля і вялікіх цяжкасцей мінулых гадоў ён разам з шыіцкай супольнасцю выступаў у абарону самых слабых і прыгнечаных, пацвярджаючы святасць чалавечага жыцця і важнасць адзінства іракскага народа”, - сказаў Матэа Бруні.
Развітваючыся з Аль-Сістані, Францішак запэўніў у малітве аб мірнай і братэрскай будучыні для ўмілаванай іракскай зямлі, Блізкага Усходу і ўсяго свету.
Пасля сустрэчы Святы Айцец адправіўся на самалёце ў горад Насірыя, адкуль накіраваўся на радзіму Абрагама – старажытны горад Ур Халдэйскі, каб прыняць удзел у сустрэчы з прадстаўнікамі рэлігій, прысутных у Іраку.