Папа перад "Анёл Панскі": не праходзіць міма людзей у патрэбе
Папа заўважыў, што ўжо ў другі раз Вялікі тыдзень праходзіць ў кантэксце пандэміі. “У мінулым годзе мы былі больш шакаваныя, сёлета – больш спакутаваныя. Цяжкім стаў таксама эканамічны крызіс”, - дадаў ён.
“Што робіць Бог у гэтай гістарычнай і сацыяльнай сітуацыі? – Бярэ крыж. Езус бярэ крыж, гэта значыць бярэ на сябе цяжар зла, якое ўзнікае ў гэтай рэчаіснасці, зла фізічнага, псіхалагічнага і асабліва зла духоўнага, бо злы выкарыстоўвае крызіс, каб сеяць роспач, адчай і разлад”, - сказаў Святы Айцец.
“А мы? Што павінны рабіць мы? – Гэта паказвае Панна Марыя, Маці Езуса, якая з’яўляецца таксама Яго першай вучаніцай. Яна ішла за сваім Сынам. Узяла на сябе ўласную частку пакут, цемры, разгубленасці і прайшла шлях мукі, захоўваючы у сэрцы запалены зніч веры. Дзякуючы Божай ласцы таксама і мы можам прайсці гэтым шляхам”, - запэўніў Пантыфік.
Святы Айцец падкрэсліў, што на працягу штодзённай via crucis мы сустракаем абліччы шматлікіх братоў і сясцёр, якія перажываюць цяжкасці. “Не будзем праходзіць міма, дазволім, каб нашы сэрцы ўзрушыліся спагадай і наблізімся да іх. На імгненне, як Кірынеец, мы можам падумаць: “Чаму менавіта я?”. Але потым убачым дар, які без нашай заслугі, дакрануўся да нас”, - сказаў ён.
Францішак таксама заклікаў маліцца “за ўсіх ахвяр насілля, асабліва за ахвяр нападу, які адбыўся сёння раніцай у Інданезіі перад катэдральным касцёлам у Макасары”.
“Няхай нам дапаможа Багародзіца, якая заўсёды апярэджвае нас на шляху веры”, - пажадаў вернікам Святы Айцец.