Пошук

Падчас аўдыенцыі для членаў руху "Каталіцкая акцыя" Падчас аўдыенцыі для членаў руху "Каталіцкая акцыя" 

Францішак: каталіцкае служэнне – пакорнае і лагоднае

Любоў Пана кіруе гісторыяй, а мы з’яўляемся аднымі з яе галоўных герояў, пакліканых з пакорай і лагоднасцю ўдзельнічаць у будаванні грамадства, згодна з задумай Божага Валадарства, - падкрэсліў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

30 красавіка 2021 г. Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегатаў 17-й Нацыянальнай асамблеі італьянскага аддзялення руху Каталіцкая акцыя, якім прапанаваў паразважаць пра місію асацыяцыі ў актуальным гістарычным кантэксце, пазначаным пандэміяй.

Папа нагадаў, што, паслаўшы сваіх вучняў абвяшчаць Евангелле кожнаму стварэнню, “Пан садзейнічаў ім і пацвярджаў слова знакамі, што яму спадарожнічалі” (Мк 16,20). Дзеянне належыць Пану, які ходзіць “інкогніта” у гісторыі, - заўважыў Святы Айцец.

“Памяць пра гэта не пазбаўляе нас адказнасці, але вяртае да тоеснасці вучняў-місіянераў… Памяць пра тое, што дзеянне належыць Пану, дазваляе не згубіць з поля зроку таго, што крыніцай місіі ёсць Дух: Яго прысутнасць – прычына, а не плён місіі. Ён дазваляе заўсёды памятаць тое, што “здольнасць нашая ад Бога”, што любоў Пана кіруе гісторыяй, а мы з’яўляемся аднымі з яе галоўных герояў”, - падкрэсліў Папа.

Францішак заклікаў сваіх гасцей быць паслухмянымі Святому Духу, належна прымаючы непрадказальныя сітуацыі і парушэнне планаў. Ён пажадаў, каб рысай выхаваўчых праектаў руху Каталіцкая акцыя было “спалучэнне Божага слова з канкрэтным жыццём, якое робіць веру ўцелаўлёным досведам”. Папа звярнуў увагу на важнасць бескарыслівасці, пакоры і лагоднасці. “Пакора і лагоднасць – ключавыя, каб жыцць служэннем, не для таго, каб займаць месца, але, каб распачынаць працэсы”, - дадаў ён.

Паводле Пантыфіка, “каталіцкая” місія арганізацыі, азначае, што яе дзейнасць павінна быць “з усімі і для ўсіх”. Неабходна сведчыць, што дыстанцыя, да якой змушае пандэмія, “ніколі не павінна быць абыякавасцю, не павінна ператварыцца ў раўнадушша”.

Францішак звярнуў увагу на свецкі характар дзейнасці Каталіцкай акцыі. Ён падкрэсліў, што свецкасць вернікаў з’яўляецца “багаццем для каталіцкасці Касцёла, які хоча быць закваскай, “соллю зямлі і святлом свету”.

“Асабліва вы, свецкія вернікі руху Каталіцкая акцыя, можаце дапамагчы ўсяму Касцёлу і грамадству разам задумацца пра тое, якога роду чалавецтвам мы хочам быць, на якой зямлі хочам жыць, які свет хочам будаваць. Таксама і вы пакліканы зрабіць выключны ўклад у рэалізацыю новай “цэласнай экалогіі”: праз вашы здольнасці, ваш запал, вашу адказнасць”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак даручыў сваім гасцям клопат пра людзей, якія найбольш пацярпелі ад пандэміі і рызыкуюць заплаціць яе найвялікшы кошт: дзяцей, моладзь, пажылых, тых, хто спазнаў досвед уразлівасці і самотнасці. Ён пажадаў, каб у клопаце пра людзей у патрэбе Каталіцкая акцыя была сапраўдным “народным” рухам, які аб’ядноўвае ўсіх.

Папа нагадаў таксама пра важнае месца асацыяцыі ў гісторыі Італіі. Ён заклікаў сваіх гасцей “разам ісці за Панам і да людзей”, спрабуючы перамяняць грамадства згодна з задумай Божага Валадарства.

Напрыканцы прамовы Святы Айцец пажадаў, каб у Касцёле сталела ўсведамленне таго, што голас свецкіх вернікаў трэба слухаць з пераканання, а не ў якасці саступкі.
 

30 красавіка 2021, 14:19