Францішак прыняў кіраўніка Супольнасці св. Эгідзія
Міжрэлігійны дыялог, прыхільнасць міру, гуманітарныя калідоры і дапамога сем'ям у цяжкія часы пандэміі: паводле італьянскага інфармацыйнага агенцтва ANSA, гэтыя тэмы былі закрануты падчас доўгай размовы ў Ватыкане.
Пасля паездкі Францішка ў Ірак тэма дыялогу з іншымі рэлігіямі застаецца на пярэднім плане, паколькі гэта можа стаць рычагом міру на тэрыторыях, асабліва пацярпелых ад канфліктаў. Пантыфік выказаў сваю занепакоенасць, у прыватнасці, падзеямі на поўначы Мазамбіка, краіны, у якой на працягу многіх гадоў дзейнічае Супольнасць.
Адной з галоўных тэм размовы Папы з Імпальяца быў досвед гуманітарных калідораў, якія дазволілі тысячам мігрантаў легальна і бяспечна дабрацца да Італіі; многія з іх ужо інтэграваліся. Паводле атрыманай інфармацыі, гаворка ішла таксама пра пандэмію, якая прывяла з аднаго боку да росту галечы, але з другога – да ўзмацнення салідарнасці. Была выказана занепакоенасць сітуацыяй сем'яў з улікам зніжэння нараджальнасці ў Італіі.