Папа прывітаў удзельнікаў сімпозіума аб абароне дзяцей
Анлайн-канферэнцыя праходзіць з 8 па 10 красавіка 2021 г. Яе тэма: “Вера і развіццё: стратэгія прадухілення і лячэння наступстваў сексуальных злоўжыванняў у адносінах да дзяцей”.
Удзельнікі сімпозіума спрабуюць адказаць на пытанні пра тое, якую ролю розныя рэлігійныя супольнасці могуць адыграць у прадухіленні сексуальнага насілля ў адносінах да непаўналетніх, а таксама якім чынам яны павінны суправаджаць тых, хто пацярпелі, на шляху іх аздараўлення.
У пасланні за подпісам кардынала Дзяржсакратара П’етра Параліна Папа выказаў надзею, што дзякуючы ўкладу рэлігійных лідараў, студэнтаў і спецыялістаў, у тым ліку ў галіне душпастырскай дзейнасці і медыцыны, сімпозіум будзе садзейнічаць яшчэ большаму асэнсаванню цяжару сексуальных злачынстваў супраць непаўналетніх і супрацоўніцтву на ўсіх узроўнях грамадстваў у справе выкаранення гэтага зла. Пасланне было зачытана адной з ахвяр сексуальных злоўжыванняў.
Форум быў арганізаваны Папскай камісіяй па абароне непаўналетніх у супрацоўніцтве з Гарвардскім універсітэтам і Амерыканскім каталіцкім універсітэтам, а таксама экуменічнымі і міжнароднымі арганізацыямі, у тым ліку Сусветнай радай Цэркваў, Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя і ЮНЕСКА.