Клопат пра зняволеных, мігрантаў і састарэлых – прыярытэт Папы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
На гэта звярнуў увагу Маўра Дэ Пальма, які з'яўляецца адным з трох Гарантаў правоў затрыманых або пазбаўленых волі ў Італіі, якіх Святы Айцец прыняў на прыватнай аўдыенцыі. "Папа нагадаў нам пра права кожнага чалавека мець імя і не разглядацца ў якасці “лічбы без аблічча”, - сказаў Vatican News праваабаронца.
“Гэта была вельмі ўсебаковая размова. Як гаранты мы ахопліваем па меншай меры чатыры сектары: крымінальны, турэмны, міграцыйны, уключаючы цэнтры дапамогі і цэнтры прымусовай рэпатрыяцыі, а таксама дамы састарэлых і цэнтры для інвалідаў. Усе згаданыя пытанні важныя для Святога Айца, гэта яго вельмі цікавіць”, - патлумачыў Дэ Пальма.
Ён прызнаўся, што першапачатковая збянтэжанасць і эмоцыі, выкліканыя асабістай размовай з Пантыфікам, хутка пераадольваюцца яго неабыякавасцю і глыбокім пагружэннем у праблематыку. “Мяне вельмі ўразіла тое, што ён выдатна памятае свае візіты ў турмы і цэнтры апекі, памятае канкрэтных людзей і сітуацыі. Я б сказаў, што гэта быў вельмі задавальняючы дыялог", - сказаў італьянскі абаронца правоў зняволеных, мігрантаў і састарэлых.