Папа да Chemin Neuf: вернік жыве ў свеце, каб евангелізаваць яго
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Францішак з жалем адзначыў, што ў нястрымнай гонцы за кар'ерай, адзнакай ці ўладай сённяшні свет забываецца пра слабых і безабаронных, часта лічыць іх бескарыснымі. Толькі сіла Евангелля Хрыста можа вярнуць гэтым людзям, сярод якіх шмат моладзі, любоў да жыцця і надзею на будучыню.
Пакліканне свецкага верніка – гэта перш за ўсё сямейная, сацыяльная і палітычная любоў: канкрэтнае абавязацельства, пачынаючы ад веры і завяршаючы пабудовай новага грамадства, - нагадаў Папа думку з сваёй адгартацыі Christus vivit. Хрысціянін жыве ў свеце і грамадстве, каб евангелізаваць, пашыраць мір, суіснаванне, справядлівасць, правы чалавека і міласэрнасць і, такім чынам, будаваць Валадарства Божае.
Францішак заклікаў экуменічную супольнасць “не баяцца ісці шляхамі братэрства і будаваць масты паміж людзьмі і народамі ў свеце, дзе да гэтага часу з прычыны страху перад іншымі ўздымаецца так шмат сцен”. Ён перакананы, што сваёй дзейнасцю Chemin Neuf выяўляе “Касцёл з беднымі і для бедных”, “Касцёл, які выходзіць вонкі, каб ісці да людзей у сітуацыях пакут, няпэўнасці, маргіналізацыі, выключэння”.
, - прывёў словы сваёй адгартацыі Evangelii Gaudium Пантыфік.
Папа заклікаў да “экалагічнаага навяртання, якое прызнае высокую годнасць кожнага чалавека, яго ўласную каштоўнасць, яго творчасць і здольнасць шукаць і прасоўваць агульнае дабро”.
“Дарагія сябры, запрашаю вас заставацца непахіснымі ў сваіх перакананнях і ў сваёй веры. Ніколі не забывайцеся, што Хрыстус жывы, што Ён заклікае вас мужна ісці за Ім. Будзьце разам з Ім тым полымем, якое адраджае надзею ў сэрцах столькіх знявераных, сумных, тых, хто не бачыць перспектыў. Стварайце сувязі сяброўства і братэрскага суіснавання на карысць лепшага свету. Пан разлічвае на вашу адважнасць, смеласць, энтузіязм”, - звярнуўся да сваіх гасцей Францішак.
Chemin Neuf – гэта каталіцкая супольнасць з экуменічным пакліканнем. Яна нарадзілася з харызматычнай малітоўнай групы ў 1973 г. і зараз мае каля 2 тыс. пастаянных членаў у 26 краінах і каля 12 тыс. супрацоўнікаў-энтузіястаў.