Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: хрысціяне пакліканы ісці і служыць разам

Падзелы, якія існуюць паміж католікамі і пяцідзясятнікамі, не перашкаджаюць нам быць братамі, - нагадаў Папа ў відэапасланні да ўдзельнікаў анлайн-сустрэчы на тэму братэрства ў Хрысце.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Экуменічны форум прайшоў 15 мая 2021 г. па ініцыятыве Італьянскай харызматычнай рады (Consultazione Carismatica Italiana) – аб’яднання прадстаўнікоў каталіцкіх харызматычных рухаў і пяцідзясятніцкіх супольнасцей Італіі. Яго дэвізам сталі словы з Евангелля св. Яна: “Ідзі ж да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, да Бога Майго і Бога вашага“ (20,17)

Францішак заклікаў удзельнікаў вэбінару працягваць разам пілігрымаваць у духу дыялогу, братэрства і сумеснага служэння, памятаючы пра досвед экуменічнай сустрэчы, якая ў 1992 г. прайшла ў паўднёваітальянскім горадзе Бары. Падчас яе каталіцкія харызматычныя рухі і пяцідзятніцкія супольнасці Італіі выказалі гатоўнасць супрацоўнічаць.

“Езус заклікае нас абвяшчаць, што Ён – разам з намі, Ён – перад Айцом і Ён – суправаджае нас; і як хрысціяне, нягледзячы на падзелы, якія ўсё яшчэ існуюць, але не перашкаджаюць працаваць разам, крочыць разам, абмываць ногі адзін аднаму, будзем памятаць пра досвед Бары і служыць разам”, - сказаў Святы Айцец.

У каментары для Vatican News адзін з удзельнікаў анлайн-сустрэчы, пастар Джавані Траэціна, лідар пяцідзясятніцкай супольнасці з італьянскага горада Казэрта, заўважыў, што “блізкасць папы Францішка ў спрыянні больш плённаму экуменічнаму дыялогу была фундаментальнай як для католікаў, так і для пяцідзясятнікаў”,

“Нягледзячы на падзелы і рознагалоссі, можна працаваць разам. На мой погляд, тое, што нас аб’ядноўвае, з’яўляецца настолькі важным і значным, што рэчы, якія нас падзяляюць, адыходзяць на другі план. У фундаменце нашага экуменізму знаходзіцца Хрыстус, досвед Святога Духа і сустрэча з Ім. Таму, усе, хто жыве сапраўдным досведам веры, павінны весці дыялог і пілігрымаваць разам, бо калі мы з’яднаныя ў Хрысце, тады не можам не адчуваць сябе братамі і не ісці супольным шляхам”, - сказаў пастар Траэціна.
 

15 мая 2021, 11:19