Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак пра важнасць інтэгральнага вывучэння чалавека

Міждысцыплінарныя даследаванні дапамагаюць лепш зразумець чалавека, - падкрэсліў Папа, вітаючы ўдзельнікаў вэбінару на тэму “Вывучэнне розума, цела і душы – аб’яднацца дзеля прафілактыкі і лячэння”.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Форум праходзіў 6-8 мая 2021 г. па ініцыятыве Папскай рады па культуры і шэрагу навуковых фондаў з ЗША. У ім прымалі ўдзел медыкі, навукоўцы, спецыялісты ў сферы этыкі, рэлігійныя лідары, абаронцы правоў пацыентаў, палітыкі і філантропы.

Эксперты абмяркоўвалі адкрыцці ў медыцыне і прафілактыцы хваробаў, уплыў сучаснай культуры на тэхналагічныя працэсы, а таксама адносіны паміж розумам, целам і душой. Папа звярнуўся да іх з відэапасланнем, у якім заўважыў, што гэтыя тры вымярэнні чалавечай асобы, часта разглядаюцца паасобку, але на самой справе складаюць глыбокую, непарыўную повязь.

У першую чаргу Пантыфік звярнуў увагу на цялеснасць, якая хоць і з’яўляецца найбольш непасрэдным вымярэннем чалавека, але гэта не значыць, што яго прасцей за ўсё зразумець.

“Мы не з’яўляемся чыстымі духамі; для кожнага з нас усё пачынаецца з цела, але не толькі: ад зачацця да смерці мы не проста валодаем целам, але мы і ёсць цела – і хрысціянская вера сцвярджае, што мы будзем ім таксама ва ўваскаренні”, - сцвердзіў ён.

Папа адзначыў важнасць міждысцыплінарных даследаванняў аб цялеснасці чалавека, якія дапамагаюць лепш зразумець працэсы ўзаемадзеяння паміж нашым фізічным станам і асяроддзем, у якім жывём, паміж псіхафізічным дабрабытам і клопатам пра духоўнасць.

Пантыфік заўважыў, што медыцына з’яўляецца мастом паміж натуральнымі і гуманітарнымі навукамі, а сучасныя даследаванні ў гэтай галіне адкрылі далягляд ведаў і ўзаемасувязяў, якія некалькі стагоддзяў таму немагчыма было ўявіць. Сапраўдны “прагрэс ведаў” выліўся і працягвае вылівацца ў “больш складаныя даследаванні і ўсё больш адпаведныя і дакладныя спосабы лячэння”. У прыватнасці Святы Айцец узгадаў пра дасягненні ў генетыцы, накіраваныя на лячэнне разнастайных хваробаў.

У той жа час Францішак заўважыў, што даследаванні ў гэтай сферы ставяць глыбокія антрапалагічныя і этычныя пытанні, напрыклад пра маніпуляцыі чалавечым геномам, пра пераадоленне працэсу старэння ці пра дасягненне чалавекам патэнцыялу, які пераўзыходзіць чалавечыя сілы.

Гаворачы пра розум чалавека Святы Айцец заўважыў, што звычайна пад ім разумецца сукупнасць чалавечых здольнасцей, звязаных з разумовай дзейнасцю. Аднак застаецца актуальным пытанне пра паходжанне такіх здольнасцей як маральная адчувальнасць, спагада, эмпатыя, салідарная любоў, філантропія, бескарыслівае служэнне, эстэтычнае пачуццё, не кажучы ўжо пра імкненне да бясконцасці і трансцэндэнтнасці.

Нарэшце трэці элемент – гэта душа. У Бібліі і філасофска-тэалагічным вучэнні пад ёй разумеецца выключнасць чалавека, якая адрознівае яго ад іншых жывых істотаў, а таксама адкрытасць да Бога. Гэта акдкрытасць на трансцэндэнтнасць, на тое, што выходзіць за межы самаго чалавека, з’яўляецца яго неад’емнай часткай і сведчыць пра бязмежную каштоўнасць кожнай асобы, - дадаў Папа.

На заканчэнне відэапаслання Святы Айцец пажадаў удзельнікаў анлайн-форума ніколі не губляць энтузіязму і захаплення перад чалавекам, якога мы ніколі не зможам спазнаць да канца.

 

09 мая 2021, 11:28