Пошук

Францішак у студыі Ватыканскага радыё Францішак у студыі Ватыканскага радыё 

Папа да СМІ Святога Пасаду: наколькі шырокая ваша аўдыторыя?

Мяне хвалюе адна рэч – хоць ёсць шмат прычын хвалявацца за радыё, за Osservatore, – але гэта асабліва важнае для мяне: колькі людзей слухаюць радыё, колькі чытаюць L'Osservatore Romano? - прызнаўся Папа.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

24 мая 2021 г. Францішак наведаў Палаца Піа – сядзібу медыяструктур Святога Пасаду. Ён сустрэўся з кіраўніцтвам і калектывам, дзякуючы за іх працу і дзелячыся сваімі засцярогамі.

Паводле Пантыфіка, добрая арганізацыя працы не гарантуе добрага яе выніку – пасланне Езуса павінна трапляць да адпаведнай колькасці людзей, туды, дзе яго чакаюць.

Францішак выказаў задавальненне тым, што адносна новая Дыкастэрыя па камунікацыі – “вялікая і складаная сістэма працуе”. Ён перасцярог ад “смяротнага функцыяналізму”, які “ўсыпляе і забівае ўстанову”.

“Будзьце асцярожныя, каб не патрапіць у гэта: не мае значэння, колькі ёсць месца, ці прыгожая студыя ці не... Важна, што ўсё працуе, з’яўляецца функцыянальным, але не ахвярай функцыяналізму. (...) Функцыянальнасць дапамагае творчасці. Ваша праца заўсёды павінна быць творчай і ўсё больш і больш развівацца. Гэта называецца функцыянаваннем. Але калі праца “занадта ўпарадкавана”, яна ў рэшце рэшт аказваецца ў клетцы, бездапаможнай. (...) Каб структура была функцыянальнай, кожнаму чалавеку трэба мець дастаткова свабоды для функцыянавання, мець магчымасць рызыкаваць і не хадзіць бясконца па дазволы – гэта паралізуе”, - сказаў Францішак, яшчэ раз заклікаючы ватыканскія СМІ заставацца функцыянальнымі, але асцерагацца функцыяналізму.

Візіт Пантыфіка ў сядзібу Дыкастэрыі па камунікацыі пачаўся каля 9.00. Ён паўдзельнічаў у “лятучцы” рэдакцыі Osservatore Romano, памаліўся ў капліцы, правёў некалькі хвілін у прамым эфіры італьянскай перадачы Ватыканскага радыё, наведаў тэхнічны сектар. Усё завяршылася агульнай сустрэчай з кіраўніцтвам і персаналам Дыкастэрыі.
 

24 мая 2021, 11:03