Пошук

У санктуарыі Маці Божай Луханскай. Ілюстрацыйнае фота У санктуарыі Маці Божай Луханскай. Ілюстрацыйнае фота 

Папа да аргентынцаў: добрая памяць гарантуе бяспечную будучыню

Святы Айцец скіраваў відэапасланне да біскупаў Аргентыны, якія сабраліся ў санктуарыі Маці Божай Луханскай з нагоды ружанцовай малітвы аб здароўі для аргентынскага народа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“У маі, месяцы Марыі, 8 мая, мой позірк скіроўваецца ў бок Лухана”, - сказаў Пантыфік. Менавіта ў гэты дзень у Аргентыне адзначаецца ўрачыстасць Маці Божай Луханскай, апякункі краіны.

Францішак запэўніў у сваёй блізкасці аргентынскіх каталіцкіх іерархаў, якія сабраліся разам у марыйным санктуарыі, каб прасіць Багародзіцу аб заступніцтве перад абліччам пандэміі і здароўі для ўсяго народу. Пантыфік паабяцаў далучыцца да іх малітвы з Ватыкану.

Святы Айцец заўважыў, што падчас урачыстай літургіі ў Лухане афіцыйна распачнецца падрыхтоўка да навэны, якая пройдзе ў 2030 г. з нагоды 400-годдзя з дня першага цуду, які здарыўся ў гэтым месцы.

“Гэта вельмі доўгі шлях, але ён праміне хутка і павінен быць пройдзены. Гэта шлях памяці пра тое, што Панна ўчыніла тут, што пажадала застацца тут. Гэта шлях памяці пра гады пілігрымак, пошукаў, цудаў, пра дачок і сыноў, якія крочаць, каб убачыць Маці”, - сказаў Папа.

Пантыфік пажадаў іерархам, каб падчас іх сустрэчы яны кіраваліся менавіта памяццю, “бо добрая памяць гарантуе бяспечную будучыню”. “Будзем памятаць пра ўсё, што Панна зрабіла для нашай Айчыны. Дазвольце Ёй суправаджаць вас і суправаджайце Яе ў падарожжы”, - сказаў Святы Айцец.

Маці Божая Луханская з’яўляецца нябеснай апякункай Аргентыны, Уругвая і Парагвая. Яе цудатворная фігурка захоўваецца ў базыліцы Маці Божай у мястэчку Лухан, у правінцыі Буэнас-Айрэс у Аргентыне. 60-сантыметровая тэракотавая статуэтка была зроблена каля 1630 г. У 1887 г. яна была каранавана папскімі каронамі. Санктуарый Маці Божай у Лухане штогадова становіцца мэтай падарожжа мільёнаў пілігрымаў з розных краін Лацінскай Амерыкі.
 

06 мая 2021, 14:23