Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: La Civiltà Cattolica – не проста часопіс, а духоўны досвед

Святы Айцец павіншаваў Таварыства Езуса з аднаўленнем выдання часопіса La Civiltà Cattolica на іспанскай мове пасля перапынку, выкліканага пандэміяй каронавіруса.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Ваш часопіс – адзіны ў сваім родзе і не толькі таму што сёлета адзначае сваё 170-годдзе. Гэта не столькі часопіс, колькі сапраўдны духоўны, супольнасны і інтэлектуальны досвед”, - падкрэсліў Папа ў спецыяльным пасланні, скіраваным 20 мая 2021 г. У гэты дзень езуіты распачалі святкаванне Года св. Ігнацыя Лаёлы, прымеркаванага да 500-годдзя з дня яго навяртання.

“Плывіце, моцна і рашуча налягайце на вёслы ў чоўне Пятра, як добрыя езуіты. Вяслуйце сваім пяром, уступайце ў дыялог з усімі, накіроўваючыся да адкрытага мора. Шукайце Бога там, дзе гэта магчыма, асабліва ў галодных і прагнучых праўды, якая ператвараецца ў справы справядлівасці і міласэрнасці”, - напісаў Францішак.

Святы Айцец заклікаў аўтараў выдання “даваць у распараджэнне ўсяго чалавецтва Евангелле Божага Валадарства, як збаўчы рэсурс для нашай эпохі” ў гэты перыяд крызісу.

La Civiltà Cattolica – найстарэйшае італьянскае каталіцкае выданне, заснаванае ў 1850 г. Яно выходзіць на васьмі мовах свету: італьянскай, іспанскай, англійскай, французскай, кітайскай, карэйскай, японскай і рускай. Перад публікацыяй кожны нумар часопіса праходзіць зацвярджэнне Дзяржаўным сакратарыятам.
 

20 мая 2021, 12:33