Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік моліцца аб міры ў Святой Зямлі, Калумбіі і Афганістане

Францішак заклікаў да мірнага вырашэння непаразуменняў у Святой Зямлі, запэўніў у малітве за ахвяр тэракту ў Афганістане, а таксама выказаў занепакоенасць сітуацыяй у Калумбіі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Уладарка Неба, якая 9 мая 2021 г. прайшла ў Ватыкане, Францішак пракаментаваў сутыкненні паміж палестынцамі і ізраільскай паліцыяй. Ён прызнаўся, што з хваляваннем сочыць за падзеямі, якія адбываюцца ў Іерусаліме.

“Малюся, каб гэты горад быў месцам сустрэчы, а не гвалтоўных сутычак, месцам малітвы і міру. Заклікаю ўсіх да пошуку супольных рашэнняў, каб паважалася шматрэлігійная і шматкультурная тоеснасць Святога Горада, і каб перамагло братэрства. Насілле нараджае толькі насілле! Няхай спыняцца сутыкненні!”, - заклікаў Папа.

Святы Айцец скіраваў свае думкі таксама да ахвяр тэрарыстычнага нападу, які 8 мая 2021 г. адбыўся ў Кабуле, дзе ў выніку выбуху загінулі па меншай меры 55 чалавек, пераважная колькасць з якіх школьніцы. Францішак назваў тэракт “бесчалавечным актам”, і заклікаў маліцца за ахвяр нападу і аб міры ў Афганістане.

Папа выказаў таксама занепакоенасць у сувязі з напружанасцю ў Калумбіі, дзе сутыкненні паміж дэманстрантамі і паліцыяй прывялі да гібелі і ранення людзей. Ён прывітаў калумбійцаў, прысутных на плошчы св. Пятра, і заклікаў да малітвы за гэту лацінаамерыканскую краіну.
 

09 мая 2021, 13:27