Папа на Дзень мігранта: імкнуцца да ўсё большага “мы”
Аляксандр Панчанка – Vatican News
6 мая 2021 г. у Ватыкане было прадстаўлена пасланне Святога Айца на 107-ы Сусветны дзень мігранта і бежанца, які будзе адзначацца ў Касцёле 26 верасня 2021 г. Тэма дакумента: “Да ўсё большага “мы”.
На пачатку паслання Францішак нагадаў словы з энцыклікі Fratelli tutti: “Пасля заканчэння крызісу ў сферы здароўя найгоршай рэакцыяй было б яшчэ большае ўваходжанне ў ліхаманку спажывальніцтва і ў новыя формы эгаістычнага самазахавання. Дай Бог, каб урэшце не было ўжо “іншых”, а толькі “мы”.
Пантыфік звярнуў увагу на тое, што Бог стварыў чалавека як мужчыну і жанчыну, рознымі і ўзаемадапаўняльнымі, стварыў на свой вобраз: Адзінага ў Тройцы, пакліканымі разам утвараць “мы”. І нават калі чалавек аддаліўся ад Бога, Ён прапанаваў шлях прымірэння не асобным індывідам, а народу, “нам”, якое ўключае ўсю чалавечую сям’ю.
Папа звярнуў увагу на тое, што ў наш час адзінства, пажаданае Богам, было “парушана і падзелена, паранена і зняважана”, што асабліва заўважна ў моманты найбольшых крызісаў, такіх як цяперашні, звязаны з пандэміяй.
“Закрытыя і агрэсіўныя формы нацыяналізму і радыкальнага індывідуалізму расколваюць ці раздзяляюць нас, як у свеце, так і ўнутры Касцёла. А самы высокі кошт плацяць тыя, хто найлягчэй можа ператварыцца ў “іншых”: замежнікі, мігранты, маргіналізаваныя, якія жывуць на экзістэнцыяльных перыферыях”, - падкрэсліў Францішак. У сувязі з гэтым ён заклікаў католікаў і ўсіх людзей добрай волі імкнуцца да ўсё большага “мы”.
Пантыфік пажадаў, каб Касцёл станавіўся ўсё больш “каталіцкім”, каб “прымаў усіх, каб ствараў адзінства ў разнастайнасці, гарманізуючы адметнасці і ніколі не навязваючы аднароднасці”. Ён падкрэсліў, што дзякуючы сустрэчы з адметнасцямі замежнікаў, мігрантаў, бежанцаў” і міжкультурнаму дыялогу, “у нас з’яўляецца магчымачыць для ўзрастання як Касцёла, узбагачаючы адзін аднаго”.
Папа заўважыў, што вернікі пакліканы ўзяць на сябе абязацельства “зрабіць Касцёл больш адкрытым для ўсіх”. “Сёння Касцёл пакліканы выйсці на вуліцы экзістэнцыяльных перыферый, каб клапаціцца пра параненых і шукаць згубленых, без забабонаў і страху, без празелітызму, але з гатоўнасцю пашырыць свой шацёр, каб прыняць усіх. Сярод жыхароў перыферый мы знойдзем шматлікіх мігрантаў і бежанцаў, абяздоленых і ахвяр гандлю людзьмі, якім Пан прагне паказаць сваю любоў і абвясціць сваё збаўленне”, - дадаў Францішак.
Святы Айцец заклікаў усіх жыхароў свету сумесна будаваць будучыню справядлівасці і міру, пільнуючы, каб ніхто не застаўся выключаны. Ён падкрэсліў, што “сучасная міграцыя дае магчымасць перамагчы нашы страхі, дазваляе ўзбагаціцца разнастайнасцю таго дару, якім з’яўляецца кожны з нас”.
Пантыфік заклікаў “не баяцца марыць і рабіць гэта разам, як адна чалавечая сям’я, як спадарожнікі на адным шляху, як сыны і дочкі адной і той жа зямлі, якая з’яўляецца нашым супольным домам, усе браты і сёстры”. Сваё пасланне ён завяршыў малітвай аб тым, каб усе, хто спазнаў выключэнне, непрыняцце ці адчужэнне, былі зноў прыняты ў наша “мы”, якое будзе станавіцца ўсё большым.